У Горадні за пікет 29 траўня аштрафавалі пенсіянерку і прыхільнікаў Ціханоўскай


Яўген Клімук і Юлія Карначова. Фота Васіль Малчанаў/Belsat.eu

У Горадні адбыліся суды над сябрамі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і пенсіянеркай, якая прыйшла 29 траўня на Савецкую плошчу паставіць подпіс і сустрэцца з вядомым блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Судзілі гарадзенцаў паводле артыкулу 17.1 КаАП «Дробнае хуліганства» і пакаралі штрафамі.

Гарадзенскія актывісты перад судом. Фота Васіль Малчанаў/belsat.eu

Юлія Карначова і Яўген Клімук з’яўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. 29 траўня ў цэнтры Горадні яны збіралі подпісы падчас сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Туды прыйшла і пенсіянерка Станіслава Дамшэль, каб паставіць свой подпіс.

Неўзабаве вакол Ціханоўскага распачалася штурханіна, пасля якой Сяргей і шэраг ягоных паплечнікаў былі затрыманыя і закінутыя ў мікрааўтобус. Юлія і Яўген падбеглі да гэтага мікрааўтобусу.

«Машына пачала ад’язджаць, я пачуў, што чалавек пад коламі і стаў затрымліваць бус, потым прыбеглі людзі ў цывільным і пачалі ўсіх раскідваць» – прыгадвае падзеі Яўген Клімук – «Сведкамі былі супрацоўнікі АМАПу Палуэктаў і Шытаў. Яны нічога нармальна не растлумачылі, акрамя таго, што я трымаў аўтобус».

Юлія Карначова распавядае тое самае, што і Яўген: «Яны не слухаюць ні довады, ні тлумачэнні. Спрабавала дапамагчы чалавеку, разгледзець каму наехалі на нагу – часу не было».

Пенсіянерка Станіслава Дамшэль увогуле стаяла непадалёк ад месца, дзе ўпаў міліцыянт падчас штурханіны. На суд яна не прыйшла – патлумачыла тым, што знаходзіцца на самаізаляцыі. Працэс ішоў праз відэазлучэнне.

Фота Васіль Малчанаў/belsat.eu

Сведчыў АМАП, відэа глядзелі без гуку

Супраць усіх трох сведчылі супрацоўнікі АМАПу. Як доказ правапарушэння фігуравала відэа, дзе бачна, як людзі спрабуюць затрымаць мікрааўтобус з Сяргеем Ціханоўскім. На відэа павінна было чуваць, як хтосьці з-пад колаў машыны кліча на дапамогу.

«Відэа дэманстравалі без гуку, глядзелі на перамотцы. Тое што я хацела паказаць – яны не глядзелі». – абураецца Карначова.

У выніку Юліі Карначовай суддзя Алена Пятрова прысудзіла штраф у памеры 20 базавых велічыняў (540 рублёў), Яўгену Клімуку суддзя Руслан Гурын прысудзіў штраф у 15 базавых велічыняў (405 рублёў). Пенсіянерцы Станіславе Дамшэль суддзя Ларыса Барэль прысудзіла штраф у 20 базавых.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў