У Горадні працуе бясплатная роварная майстэрня


Кожны ахвотны можа адрамантаваць свой ровар цалкам бясплатна – з дапамогаю «Велакухні» ў Горадні.

Асаблівасць гарадзенскай майстэрні ў тым, што веласіпедысту ўсё даводзіцца рабіць на ўласныя рукі. «Хацелася нешта сваё такое мець. Месца, дзе раварысты змогуць адчуваць сябе ў сваёй талерцы, просты рамонт рабіць самастойна, камунікаваць», – гаворыць адзін з арганізатараў Аляксандр Фядотаў.

Паводле словаў арганізатараў, ідэя па стварэнні «велакухні» зʼявілася даўно. Прыклад бралі з заходніх веласіпедных супольнасцяў. Праблема была толькі ў адсутнасці месца, дзе можна было б рэалізаваць ідэю. На дапамогу прыйшла маці аднаго з арганізатараў. Яна і аддала даўно пусты гараж пад майстэрню.

Актывісты веларуху заклікаюць гарадзенцаў аддаваць непатрэбныя роварныя запчасткі ды працоўныя прылады – дзеля агульнай выгоды. Трапіць на бясплатны рамонт можна з панядзелка да пятніцы. Дзеля гэтага неабходна пакінуць заяўку ў групе «УКантакце» пад назваю «Велакухня ў Горадні».

Кацярына Ерусалімская, belsat.eu

Стужка навінаў