У Горадні павесілі шыльду ў гонар пісьменніка Аляксея Карпюка


Памятная шыльда ў гонар Аляксея Карпюка. Фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Беларус, франтавік, вязень канцлагеру, дысідэнт, адзін з кіраўнікоў дэмакратычнага руху ў Горадні пачатку 90-х, лепшы сябра Васіля Быкава, адзін з самых яскравых і значных беларускіх празаікаў ХХ ст., – тытулы Аляксея Карпюка можна пералічаць доўга. Belsat.eu разбіраўся, чаму яго імя ў Беларусі застаецца малавядомым.

У 1992 годзе Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы прызнаў Аляксею Карпюку званне «Лепшага чалавека году». Аднак мінула ажно 27 гадоў, пакуль памяць заслужанага пісьменніка годна ўшанавалі на радзіме. Шыльду аўтарства скульптара Уладзіміра Панцялеева павесілі на доме №49 па вул. Ажэшкі. Тут знаходзілася кватэра, дзе доўгі час разам з сям’ёй жыў і працаваў Карпюк. Яго не любіла савецкая ўлада, сучасная – ставіцца з насцярогай, з яго творамі настаўнікі не знаёмяць у школе і імя Аляксея Карпюка застаецца вядомым толькі вузкаму колу гарадзенскай інтэлігенцыі.

Фота belsat.eu
Адкрыццё памятнай шыльды ў гонар беларускага пісьменніка Аляксея Карпюка ў Горадні. Фота Васіль Малчанаў belsat.eu

«За польскую мову ў хаце мог атрымаць тумака»

Гісторыя жыцця гэтага сціплага чалавека нагадвае адысею. Аляксей Карпюк нарадзіўся ў беларускай сялянскай сям’і ў вёсцы Страшава, сённяшняй Беласточчыне.

«Бацька выхоўваўся ў беларускім асяроддзі, але гэта была Польшча, а беларусы ў той перыяд лічыліся людзьмі другога гатунку. Ён вучыўся ў польскай школе і аднакласнікі смяяліся з яго беларускай мовы. У сваю чаргу, калі б у хаце ён хоць слова сказаў па-польску, то адразу б атрымаў тумака ад маці і ад бацькі. І гэтую павагу да Беларусі, да мясцовай культуры, ён пранёс з сабой праз усё жыццё», – узгадвае дачка пісьменніка, Валянціна Карпюк.

Фота Васіль Малчанаў belsat.eu

У часе вайны Аляксей Карпюк удзельнічаў у партызанскім руху, аднак у 42-м годзе трапіў у палон і быў вывезены ў канцлагер Штутгаф, з якога ўмудрыўся збегчы. Вярнуўшыся да хаты, арганізаваў партызанскі атрад імя Кастуся Каліноўскага, а ў 44-м, калі прыйшла Чырвоная армія, усіх яго ўдзельнікаў адправілі на фронт. Аляксей Карпюк дайшоў да Берліна, быў двойчы паранены.

Аляксей Карпюк разам з Васілём Быкавым. Фота з кнігі «Развітанне з ілюзіямі».
На магіле пісьменніка ў Горадні, 14 ліпеня 1992 года. Фота з кнігі «Развітанне з ілюзіямі».
Падчас дырэктарства ў школе вёскі Біскупцы на Ваўкавышчыне, 1952 г. Фота з кнігі «Развітанне з ілюзіямі».
Адкрыццё памятнай шыльды ў гонар беларускага пісьменніка Аляксея Карпюка ў Горадні. Фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Не прызнаны ўладамі

Многія гістарычныя факты пра Заходнюю Беларусь і праўдзівае апісанне партызанскага руху, пра якія пісаў Карпюк у сваіх апавяданнях, былі непажаданымі для тагачаснай улады. Напружвала перапіска з Салжаніцыным, сяброўства з Геніюшамі.

У час перабудовы Аляксей Карпюк актыўна публікаваўся, падтрымліваў партыю БНФ і клуб «Паходня», засноўваў ЗБС «Бацькаўшчына». Аднак лёсам не было прызначана беларускаму патрыёту пажыць у незалежнай Беларусі. Ён пайшоў з жыцця ў ліпені 1992 году. За сяброўства з Быкавым і Пазняком яго не прызнала і сучасная ўлада.

Яго раманы «Данута» і «Вершалінскі рай» – адныя з самых яскравых беларускіх твораў мінулага стагоддзя.

Паўліна Валіш belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары