У Горадні пасля трох гадзінаў у міліцыі «кандыдат пратэсту» апынуўся ў больніцы


Гарадзенскі актывіст Мікалай Салянік, якога 30 траўня затрымалі міліцыянты, цяпер знаходзіцца ў больніцы. Пра гэта паведамляе сайт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада».

29 траўня Мікалай Салянік браў удзел у пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую.

  • Сяргей Ціханоўскі і яшчэ 12 чалавек былі затрыманыя 29 траўня ў Горадні падчас збору подпісаў за сваю жонку Святлану Ціханоўскую, якая бярэ ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі.
  • Цяпер Сяргей знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Кастрычніцкага раёну Горадні.

30 траўня Мікалай Салянік пабываў у РАУСе Кастрычніцкага раёну, каб атрымаць інфармацыю пра затрыманых падчас пікету. Актывісту параілі звярнуцца ва УУС Гарадзенскага аблвыканкаму, дзе на яго чакаў аўтобус з АМАПаўцамі.

Праваахоўнікі адвезлі Саляніка ў Ленінскі РАУС і пратрымалі там тры гадзіны. У аддзяленні міліцыі яму стала блага і яго даставілі ў больніцу № 4. Цяпер побач з ягонай палатай № 6 дзяжурыць міліцыя.

«Грамадзяне, сябры, землякі, хачу вам сказаць, што я спыню палітычную дзейнасць толькі будучы мёртвым і заклікаю Вас усіх актывізаваць палітычную барацьбу з незаконным антынародным, антычалавечым, лукашэнкаўскім рэжымам», – заклікае Мікалай Салянік.

Мікалай Салянік сёлета спрабаваў зарэгістраваць ініцыятыўную групу, каб узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. ЦВК яму адмовіла. Актывіст падтрымаў стратэгію «кандыдатаў пратэсту» Мікалая Статкевіча.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў