У Горадні пахавалі вайскоўца, які загінуў у Сірыі (ДАДАЛІСЯ ФОТА)


Паводле інфармацыі крыніцаў «Белсату», 42-гадовы вайсковец загінуў у баявой аперацыі ў Сірыі.

Да дому, дзе жыў загінулы вайсковец, на развітанне прыйшлі каля 50 асобаў, сярод іх беларускія і расейскія вайскоўцы. Пахаваны жаўнер будзе на гарадскіх могілках у Аульсе.

Начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінабароны Беларусі Уладзімір Макараў адмовіўся каментаваць «Белсату» сітуацыю. Але пазней Міністэрства абароны пацвердзіла інфармацыю пра пахаванне афіцэра расейскай арміі, які нарадзіўся ў Беларусі.

Расейскі сцяг і беларуская ганаровая варта

Мужчыну хавалі ў вайсковым мундзіры, імаверна, форме лётчыка.

На фота бачна, што цела загінулага накрытае расейскім сцягам. Труну нясуць беларускія вайскоўцы ў параднай формі і суправаджаюць два жаўнеры з ганаровай варты.

За труною ідуць сваякі памерлага, а таксама двое мужчынаў у зялёнай форме з расейскімі нашыўкамі.

Алесін: У расейскім войску могуць быць тысячы беларусаў

Пахаванне ў Горадні вайскоўца пад расейскім сцягам Belsat.eu пракаментаваў вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін:

«Калі накрыты расейскім сцягам, то служыў пад ім, гэта вайсковы рытуал. Так як Беларусь зʼяўляцца саюзніцай Расеі, і гэты чалавек наш грамадзянін, які загінуў падчас баявых дзеянняў, то як вайскоўцу яму могуць аказваць вайсковыя ўшанаванні».

Эксперт кажа, што ў расейскім войску служаць «дзясяткі, сотні, а, можа і тысячы» беларусаў.

«Улічваючы розніцу ў аплаце працы вайскоўцаў, якая ў Расеі цяпер несувымерна вышэйшая, шмат якія беларусы пайшлі служыць у расейскае войска па кантрактах», – адзначыў Аляксандр Алесін.

Беларускае войска афіцыйна не мае аніякага дачынення да канфлікту ў Сірыі. Ад верасня 2015 году вайсковую аперацыю ў гэтай краіне вядзе Расея – на баку дыктатара Башара аль-Асада. У аперацыю заангажаваныя паветрана-касмічныя сілы, марская пяхота, дэсант і ваенны флот Расеі.

Заканадаўства Расеі дазваляе замежнікам служыць па кантракту ў расейскім войску. Дзеля гэтага дастаткова напісаць заяву, прайсці медагляд і вайсковы адбор.

Акрамя таго, грамадзяне Беларусі ў шэрагу выпадкаў могуць атрымаць расейскае грамадзянства паводле спрошчанай працэдуры.

МЛ, belsat.eu

Фота Юрась Балінскі

Стужка навінаў