Трое хлопцаў пасярод белага дня здзекваліся з птушкі каля дому на вуліцы Агінскага, 30. Іх заўважыла мясцовая жыхарка Алена, якая праязджала побач.
Дзяўчына выйшла з аўта паглядзець, што канкрэтна кідаюць дзеці ў жылы будынак.
«Калі я ўбачыла, што аб’ект, які ляцеў у сцяну быў відавочна не мячом і неяк ненатуральна ўпаў, у галаву прыйшло самае страшнае, што гэта нехта з жывёлінаў. Спыніўшыся, я выйшла з аўта і ўбачыла, што на бетоне ляжыць мёртвая птушка. Падлеткі ў гэты момант схаваліся за дом, які стаіць побач».
Алена апісвае, як юнакі перабягалі скрыжаванне на чырвонае святло і азіраліся ці іх нехта пераследуе.
Дзяўчына шкадуе, што не змагла іх спыніць і высветліць асобы і паабяцала, што зробіць усё, каб адшукаць хуліганаў. Алена збіраецца наведаць бліжэйшую школу і паразмаўляць з бацькамі.
Падлеткаў таксама шукае міліцыя.
Птушка, якую забілі падлеткі, – дрозд-спявун, невялікая пеўчая птушка, якая жыве ў Еўропе, Малой Азіі і Сібіры.
ДР belsat.eu