У Горадні новы год пачалі «цвярозай прабежкай»


У прабегу цвярозасці 1 студзеня ўзялі ўдзел 134 жыхары Горадні.

Сустрэць Новы год цвярозым – ідэя, якая робіцца папулярная сярод гарадзенцаў. Сведчанне таму – прабег цвярозасці, на які сёлета зарэгістраваліся 134 удзельнікі. Насамрэч аматараў здаровага ладу жыцця прыйшло яшчэ больш. Арганізавалі акцыю Гарадзенская праваслаўная епархія і клуб бегуноў «Run4fun».

«Сваім прыкладам мы паказваем людзям, што свята можна праводзіць не толькі за сталом з чаркаю гарэлкі ці віна. Можна пабегаць. Паглядзіце, якая прыгажосць, колькі людзей! Першага студзеня, усе спяць, а ў парку такая «дзвіжуха». Ну, ці не здорава?» – кажа старшыня арганізацыі бегуноў-аматараў «Run4fun» Аляксей Чамаданаў.

Сваймі думкамі наконт акцыі з «Белсатам» падзяліўся і адзін з яе арганізатараў – праваслаўны святар Павел Каспяровіч.

«Нам важна стварыць суполку людзей, абʼяднаных ідэяй цвярозасці. Бо мы жывем у цяжкі час, калі нашая нацыя стаіць на мяжы нацыянальнае катастрофы, як я лічу. Мы займаем першае месца паводле ўжывання алкаголю», – заўважае святар.

Прабег цвярозасці – ідэя не новая. Такія акцыі ладзяцца шмат у якіх краінах свету, у Беларусі ж пакуль – толькі ў Горадні. Сёлетні прабег для гораду над Нёмнам – другі з ліку.

«На фоне леташняга забегу мы вырашылі зрабіць сёлетні больш масавым, з музыкаю, з уручэннем медалёў», – распавядае намеснік старшыні арганізацыі «Run4fun» Юрый Крупіца.

Невялічкія прызы атрымаў і кожны ўдзельнік прабегу, таксама арганізатары адзначылі ўзнагародамі найстарэйшага ды наймалодшага ўдзельнікаў.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў