У Горадні некалькі гадзін ратавалі шчанюкоў з-пад бетоннай пліты


На тэрыторыю прадпрыемства ў раёне вуліцы Панямуньскай у Горадні падкінулі чатырох шчанюкоў. Двух забралі неабыякавыя людзі, а двое забраліся пад бетонныя пліты і захраслі – там жывёлы прасядзелі каля трох дзён, пакуль іх не выратавалі працаўнікі МНС.

Гэтую гісторыю распавялі гарадзенскія валанцёры, піша TUT.by

Яны спрабавалі самастойна выцягнуць сабачак з-пад пліты, але не здолелі – як аказалася, адзін шчанюк зачапіўся лапай за нешта ўнутры пліты. Тады валанцёры выклікалі ратавальнікаў, але і тыя спачатку не змаглі дапамагчы – трэба было адсоўваць цяжкія пліты, а для гэтага неабходна знайсці пад’ёмны кран.

Увесь дзень неабыякавыя гарадзенцы шукалі свабодную тэхніку, і вось да вечара панядзелка 16 снежня, знайшлі кранаўшчыка, які пагадзіўся дапамагчы.

Фота vk.com/predannoeserdce

Пасля гаспадыня бетонных пліт не давала дазволу іх падымаць і нешта з імі рабіць, але потым усё ж такі пагадзілася і нават дала распіску, што не будзе мець прэтэнзіяў, калі маёмасць будзе пашкоджана.

Калі кран адсунуў пліты, ратавальнікі дасталі жывёлін з бетоннага палону. Шчанюкоў адвезлі ў клініку для абследавання і цяпер шукаюць ім дом.

КА belsat.eu

Стужка навінаў