У Горадні двума гадамі «хатняй хіміі» пакаралі 55-гадовую жанчыну, якую збілі амапаўкі


Суд Ленінскага раёну Горадні вынес вырак 55-гадовай Марыне Палікарпавай: два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»). Яе вінавацілі ў гвалце ў дачыненні жанчын-амапавак. Пра гэта паведамляе spring96.org.

Справа датычыць падзеяў вечара 9 жніўня, калі ў Горадні адбываўся мітынг супраць фальсіфікацыі выбараў. Тады фармацэўта Марыну Палікарпаву затрымалі і жорстка збілі дзве прадстаўніцы АМАП – Дар’я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч.

Бандарчук ужыла да Палікарпавай задушлівы прыём, і тая інстынктыўна ўкусіла яе за руку ў мэтах абароны. «Я рэальна спалохалася за сваё жыццё», – патлумачыла абвінавачваная. У выніку супраць жанчыны распачалі крымінальную справу паводле арт. 364 КК (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў).

У апошнім слове Марына Палікарпава сказала:

«Часткова прызнаю сваю віну, я эмацыйна абараняла сябе і сваё жыццё. Канфлікт паўстаў праз тое, што Бандарчук і Мазуркевіч абразілі мяне ў грубай і нецэнзурнай форме. Прашу суд улічыць усе абставіны: хадайніцтвы і мой 35-гадовы досвед працы».

Суддзя Руслан Гурын прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову – «хатняй хіміі». А таксама – спагнаць па 1500 рублёў на карысць пацярпелых, 162 рублі дзяржаўнай пошліны, а таксама 440 рублёў і 40 капеек выдаткаў на судмедэкспертызу.

Гісторыі
«Была ўся сіняя». Гарадзенку збілі дзве амапаўкі, адну з іх жанчына ўкусіла. Цяпер ёй пагражае 5 гадоў
2020.12.07 16:46

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў