У Горадні адбыліся масавыя вадохрышчанскія купанні


Больш за тысячу асобаў прыехалі на возера Юбілейнае, каб акунуцца ў купелі на Вадохрышча.

Дзявяты год запар 19 студзеня на праваслаўнае свята Вадохрышча або інакш Богаз’яўленне, гарадзенскія маржы разам з вернікамі і проста ахвотнымі акунаюцца ў спецыяльнай купелі зробленай на Юбілейным возеры.

«У нас 300 сертыфікатаў было раздадзена за 10 хвілін. Мы не можам пракантраляваць поўную колькасць тых, хто купаецца, бо пасля трэцяй гадзіны афіцыйная частка заканчваецца і людзі ўсё роўна прыязджаюць да 12-й уначы. Учора з 12-й уначы тут былі ўжо людзі. Першапачаткова гэта традыцыя ідзе ад свята Вадохрышча, але зараз рэлігійны складнік недзе страціў сваю частку і ў любым выпадку ідуць купацца ўжо па звычцы. Нехта, каб нешта даказаць сабе. Нехта дзеля таго, каб далучыцца да гэтага рытуалу, нехта з рэлігійных прычынаў», – кажа арганізатар мерапрыемства Ягор.

 

Пасля таго, як над купеллю памаліўся праваслаўны святар, некалькі сот чалавек па чарзе заходзяць у ваду і тройчы акунаюцца перад крыжам, усталяваным на купелі. Кожны выходзіць чырвоны і задаволены.

«Я ўжо з 15 гадоў акунаюся. Гэта здорава. І не толькі на Вадохрышча. Першы раз яшчэ, калі ў школе вучыўся. Прывыкаеш і пасля ўжо не хапае. Як уплывае на здароўе? Ужо некалькі гадоў ні ў аптэку, ні да лекараў не хаджу! Ідзіце купайцеся і не думайце! Не холадна. Нармальна. Наадварот, хацелася б, каб больш марозна было», – кажа Алег, толькі выйшаўшы з купелі.

Перад купаннямі параіцца з лекарам

Як распавядае Ягор, такія купанні толькі станоўча ўплываюць на здароўе чалавека, аднак усё роўна перад гэтым варта параіцца з лекарам.

«Асабліва людзям, што маюць праблемы з сардэчна-сасудзістай сістэмай і хваробамі нырак. Цяжарным купанне супрацьпаказана ўвогуле. Дзяцей можна акунаць у палонку, нічога дрэннага не будзе», – кажа Ягор.

«Калі няма перамен у сэрцы, то нырай не нырай, нічога не зменіцца»

Пра важнасць перш за ўсё духоўнага ачышчэння перад малітвай казаў айцец Сергій, якога традыцыйна запрасілі на вадохрышчанскія купанні.

«Ніхто не ведае, адкуль пайшла традыцыя. Яна ўзнікла дзесьці на рубяжы 19-20 ст. Калісьці, пасля літургіі ішлі на вадаёмы, там стаяла нейкая бочка, праходзіла асвячэнне і ўсё. Была дзесьці традыцыя, што бацюшка мог жартам кінуць драўляны крыж у ваду і паслаць гарачых маладзёнаў нырнуць за ім. Калі гаварыць пра нашае Юбілейнае возера – гэта 2009 год. Узнік наш Клуб маржоў, ён гэта ўсё арганізоўваў, мяне запрасілі. І каталіцкага святара. Але сёння яго чамусьці няма», – кажа айцец Сергій.

У мінулыя гады айцец Сергій сам акунаўся тры разы ў купелі.

«Уражанні як? Холадна, а потым горача. Я крыху скептычна адношуся да гэтага. Як сказана ў Евангеллі, па веры вашай і будзе вам. Калі няма перамены ў сэрцы, праз пакаянне, то нырай не нырай, нічога з табой не зменіцца. Уваходзячы ў гэтую ваду, трэба, каб сам чалавек для сябе нагадаў, што ён хрышчоны і што гэта значыць для яго. Ці абмывае ён вадой пакаяння сваё сэрца, сваю душу. Астатняе – гэта проста добрае дапаўненне», – дадае айцец Сергій.

«Трэшчы – не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы»

Хрысціяне ў дзень Вадохрышча ўзгадваюць хрышчэнне Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем на рацэ Ярдань і з’яўленнем усіх асобаў Святой Тройцы. У праваслаўных храмах у гэты дзень асвячаюць ваду. З даўніх часоў такую ваду захоўваюць у доме і даюць выпіць хворым.

Вадохрышча зазвычай супадала з самымі халоднымі днямі зімы, пасля якіх год паварочваўся на лета: «Трэшчы – не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы. Не к Раству, а к Пятру!» Існавалі розныя прыкметы звязаныя з гэтым днём. Калі на Вадохрышча сцюдзёна – у жніво будзе вельмі горача; хрышчэнскі снег абяцаў урадлівы год, грыбное лета, але чакалася чарвівая капуста. Сёлета на Вадохрышча на возеры Юбілейным церушылі дробныя сняжынкі, так што будзем чакаць багатага ўраджаю.

Глдязіце ўсе фота:

Айцец Сергій асвячае купелю на Юбілейным возеры

Паўліна Валіш, belsat.eu

Фота Васіль Малчанаў

Стужка навінаў