У Горадні 7 гадоў прадаюць аэравакзал. Кошт упаў з $ 2 млн да $ 60


«Белсат» даведаўся, чаму ніхто не хоча купляць недабудаваны гмах гарадзенскага аэравакзала ля вёскі Абухава.

Гарадзенскі аэравакзал з’яўляецца тыповай спадчынай савецкай эпохі. Будаўніцтва пачалося ў 1985 годзе. Праз 5 гадоў, калі аэравакзал быў амаль гатовы, праз недахоп грошаў будаўнічыя працы былі часова прыпыненыя. Будынак мае вышыню 3-9 паверхі, часткова з падвалам і тэхнічным падполлем у каркасна-панэльных канструкцыях, вонкавыя сцены – цагляныя. Агульная плошча складае 1,1443 гектары.

У 1998 годзе будынак перадалі на баланс гарвыканкаму. Доўгі час будоўля знаходзілася ў падвешаным стане. Даўгабуд ужо спрабавалі прадаць спачатку ў 2008 годзе, пасля ў 2009 і, нарэшце, у студзені 2010 года прыкладна за 2 млн долараў, але пакупнік так і не знайшоўся.

У 2011 годзе аэравакзал выставілі на аўкцыён за адну базавую велічыню, што склала на той час 11 долараў. Пазней адбылося яшчэ некалькі няўдалых аўкцыёнаў.

Апошні аўкцыён адбыўся 15 лютага, але і цяпер не знайшлося пакупніка, хоць стартавы кошт будынку раўняўся 6 базавым велічыням (Br 1 млн 260 тыс.), а памер задатку – усяго 1 базавая (Br 210 тыс.). Тэрмін дамовы арэнды зямельнага ўчастка – 51 год. Здавалася бы, што за такую суму бізнесоўцы павінны былі б даўным-даўно выкупіць будынак. Што ж іх стрымлівае?

Галоўнаю праблемаю сталіся абавязковыя ўмовы пакупкі будынку, выстаўленыя Упраўленнем капітальнага будаўніцтва Горадні. Новы ўладальнік абавязаны распрацаваць праект рэканструкцыі цягам двух гадоў, увесці будынак у эксплуатацыю. Да гэтага часу маёмасць не можа быць прададзеная.

Паводле гэтых умоваў горад хоча рукамі пакупніка пераўтварыць напаўразваліўшыся аэравакзал у «райскае месца». Але праз гады прастою даўгабуд цяпер у такім стане, што хіба не танней будзе пабудаваць новы абʼект у іншым месцы.

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў