У Гон-Конгу затрымалі 29 пратэстоўцаў, што ўдзельнічалі ў начных сутычках з паліцыяй


Улады Гон-Конгу заявілі, што пасля начных сутычак дэманстрантаў з сілавікамі затрыманыя 29 чалавек. Пра гэта паведамляе Reuters.

Сярод затрыманых 19 мужчынаў і 10 жанчынаў. Агулам з пачатку пратэстаў у Гон-Конгу былі затрыманыя больш за 700 чалавек.

Каб разагнаць антыўрадавыя пратэсты ў суботу паліцыя выкарыстала спецсродкі, у тым ліку слезацечны газ. Некаторыя дэманстранты ў сваю чаргу закідвалі паліцыю «кактэйлямі Молатава» і цэглай. Пратэстоўцы пачалі ўзводзіць барыкады з бамбукавых будаўнічых лясоў і вулічных жалезных перагародак.

У Гон-Конгу праз пратэсты зачынены шэраг станцыяў метро.

Сутычкі паліцыі і дэманстрантаў у Гон-Конгу. Фота – Forum, MAXPPP
  • Пратэсты ў Гон-Конгу распачаліся яшчэ ў чэрвені. На акцыі супраць паправак у закон аб экстрадыцыі ў Кітай выйшлі сотні тысячаў чалавек, для разгону дэманстрантаў сілавікі выкарыстоўвалі гумовыя кулі, дубінкі і пярцовы газ. 15 чэрвеня ўлады Гон-Конгу адклалі на нявызначаны тэрмін прыняцце паправак у закон аб экстрадыцыі, аднак у жніўні пратэсты аднавіліся, бо дэманстранты патрабуюць цалкам адмовіцца ад прыняцця гэтага закону. Пратэстоўцы таксама дамагаюцца адстаўкі кіраўніцы адміністрацыі Гон-Конгу Кэры Лам і незалежнага расследавання празмернага ўжывання сілы супраць удзельнікаў вулічных дэманстрацыяў. Жнівеньскія пратэсты суправаджаюцца жорсткімі сутычкамі з сілавікамі, паліцыя зноў ужывае спецсродкі.
  • Закон аб экстрадыцыі дазволіць экстрадаваць жыхароў гораду нават у тыя краіны, з якімі ў Гон-Конгу няма пра гэта дагавора, у тым ліку ў мацерыковую частку Кітая. Сярод экстрадаваных апынуцца ўцекачы з мацерыка, якія крытыкуюць кітайскія ўлады і якія хаваюцца ад пераследу ў Гон-Конгу. Крытыкі папраўкі лічаць, што ў кітайскай судовай сістэме права людзей, якіх экстрадуюць, апынуцца неабароненымі, а сам Гон-Конг страціць сур’ёзную долю аўтаноміі.
ВІДЭА
У Гон-Конгу пратэстоўцы заблакавалі аэрапорт
2019.08.13 18:56

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў