У Гон-Конгу памерла найстарэйшая ў свеце вялікая панда


Жывёліне было 38 гадоў – амаль у два раза больш, чым звычайна жывуць панды.

Стан жывёліны па мянушцы Цзя Цзя (Jia Jia) рэзка пагоршыўся за апошнія некалькі тыдняў. Яна адмаўлялася ад ежы і моцна страціла ў вазе, таму працаўнікі парку былі вымушаныя прыняць рашэнне ўсыпіць мядзведзіцу.

BBC падае, што Цзя Цзя нарадзілася ў дзікай прыродзе ў Кітаі ў 1978-м годзе, і была перададзеная Гон-Конгу ў 99-м, у гонар атрымання праз горад аўтаноміі двума гадамі раней. З таго часу жывёліна жыла ў тэматычным парку «Ocean Park». Летась у чэрвені парк зладзіў урачыстае свята ў гонар 37-га дня нараджэння Цзя Цзя.

Яе можна назваць сапраўднай доўгажыхаркай. У дзікай прыродзе вялікія панды жывуць у сярэднім 20 гадоў, у няволі – 25.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў