У Гомлі зачынілася карчма «Будзьма», якая была візітоўкай гораду. Як улады душаць бізнес


13 лістапада на старонцы карчмы «Будзьма» «УКантакце» з’явіўся развітальны допіс: «Карчма «Будзьма» на Прывакзальнай 3а больш не адчыніць для вас сваіх дзвярэй. Рэстаран зачынены назаўжды». У аднабаковым парадку, без тлумачэння з уладальнікамі была скасаваная дамова арэнды. Крыху больш за два тыдні спатрэбілася гарадскім уладам, каб знішчыць бізнес, які сямʼя Пракофʼевых стварала трыццаць гадоў.

Больш за сто чалавек засталіся без працы

У карчме «Будзьма» праводзіліся мерапрыемствы з нацыянальным каларытам.
Фота: «УКантакце»

26 кастрычніка гомельская карчма «Будзьма» падтрымала забастоўку і адкрыта абвесціла, што не будзе працаваць у гэты дзень, на знак салідарнасці з беларускім народам. Пасля гэтага пачалася праверка бізнесу Пракоф’евых. Са словаў Мікалая Пракофʼева, ад МНС і санстанцыі яны атрымалі штрафаў агулам на тысячу базавых велічыняў: адной з крамаў далі 200 базавых штрафу і зачынілі на тры месяцы за ўключаную ў разетку мікрахвалёўку, рэстарацыю ж аштрафавалі і зачынілі на месяц за тое, што ў чарупіне для бруднага посуду быў… брудны посуд.

Гісторыі
«Добры партызан – гэта жывы партызан». Уладальнікі ювелірнай майстэрні з’ехалі, каб не трапіць за краты
2020.11.27 09:40

– Каб было зразумела, у нас не толькі бізнес «Будзьма», у нас яшчэ крамы тканіны. Па сутнасці, нам перакрылі ўсе фінансавыя плыні, усе паступленні. За час пандэміі мы ўжо і так засталіся практычна без рэсурсаў, і гэта быў для нас вельмі моцны ўдар, бо ў нас ёсць крэдыты, а яшчэ трэба плаціць падаткі і заробкі. У дзяржавы, відаць, быў план падавіць нас такім чынам: раз мы не можам адужаць з крэдытамі, якія ў нас у дзяржаўных банках, то наша маёмасць адыходзіць дзяржаве, а мы трапляем пад крымінальныя артыкулы, – распавядае сузаснавальнік «Будзьмы» Мікалай Пракофʼеў.

Сямʼя Пракофʼевых не хавала сваёй грамадзянскай пазіцыі: бясплатна карміла пратэстоўцаў, раздавала белыя і чырвоныя тканіны, Мікалай Пракофʼеў быў сябрам выбарчага штабу Віктара Бабарыкі. Ва ўладальнікаў «Будзьмы» няма сумневаў: увесь уціск – штрафы, праверкі, закрыццё – палітычна матываваны.

– Наш выпадак – гэта індыкатар таго, што адбываецца ў краіне, наколькі важнае чалавечае жыццё, сямʼя, бізнес, які шмат гадоў прыносіў дзяржаве падаткі і працоўныя месцы, – тлумачыць Мікалай. – У нас працавалі больш за сто чалавек, якія цяпер засталіся без працы. Спадзяюся, людзі даведаюцца, што ў нашай краіне можа адбыцца з бізнесам, які будавалі гадамі, а яго па чыімсьці рашэнні проста сцерлі, закрылі, затапталі.

«Мы апынуліся ў даволі цяжкім становішчы»

Цяпер ужо былыя працаўнікі карчмы «Будзьма» каментаваць сітуацыю пагаджаюцца неахвотна: яны запалоханыя дзеяннямі гарадскіх уладаў.

– Карчма «Будзьма» была першым месцам маёй працы, – распавядае былы афіцыянт. – І прапрацаваў я там даволі доўгі час. Для мяне гэта месца, дзе я шмат чаму навучыўся і пазнаёміўся з добрымі людзьмі. А зараз даводзіцца шукаць працу. Гэта даволі складана, бо ўстановы харчавання цярпяць падчас эпідэміі.

Уладальнікі карчмы «Будзьма» разважаюць, што рабіць далей. Але цяпер неабходна разлічыць працаўнікоў, якія засталіся без працы. Сродкаў для гэтага бракуе. Бракуе іх і каб вярнуць запазычаныя сродкі, на гэта банк даў усяго пяць дзён. Мікалай Пракофʼеў звярнуўся з гэтай нагоды да наведнікаў «Будзьмы» праз сацыяльныя сеткі з просьбай аб дапамозе:

– Шмат хто з вас ужо ў курсе сітуацыі, якая склалася вакол нашай сямʼі: мы апынуліся ў даволі цяжкім становішчы па вядомых усім прычынах. Вялікі дзякуй людзям, якія выказваюць словы падтрымкі. Таксама шмат людзей запытваюць, як нам зараз дапамагчы. Самая лепшая падтрымка зараз – гэта дапамога нашым ужо былым супрацоўнікам, выдатным спецыялістам сваёй справы, якія ў адно імгненне засталіся без працы. Падтрымка нам зараз вельмі важная, бо толькі разам мы можам перамагчы.

Канец эпохі

Карчма «Будзьма» ў вачах гомельцаў была не толькі рэстарацыяй, а своеасаблівым кутком беларушчыны ў самым цэнтры Гомля. Тут грала беларуская музыка, а ад афіцыянтаў можна было пачуць «дзякуй» і «калі ласка». Сюды і ў загарадную карчму прыходзілі, каб паўдзельнічаць у традыцыйных майстар-класах, дакрануцца да беларускай культуры.

Велапрабег, арганізаваны ўладальнікамі карчмы «Будзьма».
Фота: «УКантакце»

– Мы спансаравалі шэраг праектаў, сярод якіх «Будзьма тут», калі двое хлопцаў абʼехалі ўсю Беларусь на роварах, – кажа Мікалай Пракофʼеў. – Кожны Новы год мы падтрымлівалі Гомельскае дзіцячае аддзяленне гематалогіі, арганізавалі тры велапрабегі, сродкі ад якіх былі перададзеныя ў адну з дабрачынных арганізацыяў. Мы запрашалі выхаванцаў з дзіцячых дамоў, арганізоўвалі мерапрыемствы для дзетак з асаблівасцямі развіцця, паказвалі і распавядалі пра беларускі побыт, праводзілі майстар-класы.

Гомельцы адзначаюць, што закрыццё карчмы «Будзьма» – быццам канец эпохі, бо знікла гарадская адметнасць і месца, куды прынята было завітваць разам з замежнымі сябрамі.

– Я таксама былы ўладальнік установы харчавання, – кажа гомелец Арцём. – Карчма «Будзьма» заўжды была візітоўкай Гомля. І нягледзячы на тое, што ў нас быў свой бар, усё адно ўсіх сяброў з-за мяжы мы вадзілі ў «Будзьму». Бо гэта як найменш рэстарацыя, дзе можна было пакаштаваць менавіта нашу, беларускую кухню. Для мяне асабіста і для маіх сяброў «Будзьма» – гэта сімвал Беларусі ў першую чаргу.

Гомельскі бізнесовец Валер лічыць, што карчма «Будзьма» – адна з нешматлікіх брэндавых установаў Гомля:

– І яна займала сваё вартае месца ў гомельскай культуры. Усіх гасцей, якія прыязджалі ў Гомель, я абавязкова вадзіў менавіта туды, бо там была шыкоўная кухня, прасякнутая нацыянальным каларытам. Гэта месца, якое ўпрыгожвала Гомель.

Майстар-клас па кавальстве ў карчме «Будзьма».
Фота: «УКантакце»

Мікалай Пракофʼеў разам з сямʼёй пакінуў краіну. Ён прызнаецца, што такое рашэнне было вымушаным і безальтэрнатыўным:

– На радзіме нам пагражаюць крымінальныя артыкулы як з боку бізнесу, так і за тое, што я быў сябрам перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі. І літаральна праз некалькі дзён пасля нашага адʼезду мы даведаліся, што ў дачыненні сябраў ініцыятыўнай групы Бабарыкі ў Гомлі ды іншых гарадах пачаліся рэпрэсіі. Мы вымушаныя былі зʼехаць у нікуды, страціўшы ўсё, літаральна без капейчыны. Што будзе далей, сказаць складана, але мы будзем спрабаваць выратаваць прынамсі загарадную карчму, якую яшчэ не зачынілі. Нашая сямʼя звярталася ў фонды з просьбай падтрымаць, але так атрымліваецца, што паўсюль мы атрымалі адмовы. У англійскай мове ёсць выраз «сollateral damage», і вось менавіта ў такім стане «пабочнай шкоды», абсалютна выпадковай, на якую ніхто не звяртае ўвагі, мы адчуваем сябе цяпер. Але нягледзячы ні на што нам хацелася б, каб людзі бачылі на нашым прыкладзе, што варта змагацца і што не варта складваць рук.

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў