У Гомлі з'явіўся помнік балярыне


Помнік «Маленькай балярыне» адчынены ў Гомлі. Чыноўнікі пазіцыянуюць яго і як падарунак жыхарам да дня гораду і чарговага фестывалю «Сожскі карагод».

Працаваў над помнікам скульптар Уладзімір Андрыянаў. Працы над ім ён вёў проста ў харэаграфічнай залі сярод будучых танцораў і танцорак.

Спадзяюся, што ўсе, каму спадабаецца гэтая балярына, будуць праходзіць міма і вітацца з ёй, – адзначыў Уладзімір Адрыянаў. – А тыя, каму не спадабаецца – будуць проста праходзіць і не вітацца.

Архітэктар ды грамадскі актывіст Сяргей Ляпін лічыць, што варта было б увасабляць у помніках рэальных гамельчукоў, якія шмат зрабілі для горада, а не персанажаў, за якімі нічога не стаіць.

У нашым горадзе рэгулярна з’яўляюцца помнікі. Але гэтыя помнікі часцей за ўсё пазбаўлены манументальнасці і сэнсавай нагрузкі, – адзначае Сяргей Ляпін. – То бок, гэта нейкія скульптуры ў фармаце так званых малых архітэктурных форм, якія прысвячаюцца нейкаму зборнаму вобразу чалавека пэўнай прафесіі ці нейкага занятку: студэнт, дворнік, вадаправодчык. Апошнім трэндам стала ўзвядзенне скульптураў розным сілавікам – гэта разнастайныя памятныя знакі міліцыянтам, памежнікам. Але ўсё гэта ў прынцыпе назваць паўнавартасным гарадскім помнікам не дазваляюць некалькі рэчаў: па-першае гэта звычайна скульптуры даволі невысокай якасці, а па-другое – у такіх скульптурахзвычайна адсутнічае сэнсавая нагрузка. За асобнымі помнікамі не стаіць нейкай канкрэтнай асобы, або нейкіх гістарычных падзеяў.

Сяргей Ляпін лічыць, што існуе вялікая праблема з тым, каб пралабіраваць помнік нейкай гістарычнай рэальнай асобе. Гэтая праблема выяўляецца ў наяўнасці адміністрацыйнага бар’еру: помнік канкрэтнай гістарычнай асобе мусіць узгадняцца на самым высокім узроўні.

Таму ў Гомлі вельмі даўно не ўсталёўваюць помнікі рэальным асобам, – тлумачыць архітэктар. – Нашмат прасцей паставіць нейкую лёгкую папсу, чым манументальны помнік рэальнай гістарычнай асобе.

Ганна Вашчанка, «Белсат»

Стужка навінаў