У Гомлі баевіка ЛНР асудзілі на два гады калоніі


Гомельскі абласны суд прызнаў 29-гадовага гамельчука вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт.361-3 Крымінальнага кодэксу – ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы.

«Абвінавачаны прызнаны вінаватым ва ўдзеле грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні адной з супрацьлеглых бакоў, без упаўнаважання дзяржавы, пры адсутнасці прыкметаў злачынства, прадугледжанага арт. 133 КК (найміцтва), і на падставе ч.1 арт.361-3 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму», – адзначаецца ў паведамленні прэс-службы абласнога суду.

Як паведамілі карэспандэнту belsat.eu у прэс-службе Гомельскага аблсуду, прысуд быў вынесены на адкрытым паседжанні, аднак прадстаўнікоў СМІ на ім не было.

«Мы не можам называць анкетныя дадзеныя асуджанага, яго імя і прозвішча, бо прысуд яшчэ не набыў законную сілу і цягам 10 дзён можа быць абскарджаны. Калі вам прынцыпова ведаць імя, то ў выпадку, калі апеляцыі не будзе, мы паведамім», – заявілі ў прэс-службе.

У судзе не ўдакладнілі, дзе і за каго ваяваў асуджаны. Але як паведамляе «Гомельская праўда», гамельчук ваяваў на Данбасе ў складзе казачага палку ЛНР.

Па версіі абвінавачвання, беларус у канцы лета 2015 года выехаў праз памежны пункт з Расеі ва Украіну. На Данбасе гамяльчук далучыўся да казачага палку ЛНР у якасці шарагоўца. Яму выдалі службовае пасведчанне, баявую зброю, абмундзіраванне і неабходныя прадукты харчавання.

Падчас судовага паседжання, мужчына не адмаўляў, што знаходзіўся ў казачым фармаванні, але сцвярджаў, што не з’яўляўся вайскоўцам, не меў агнястрэльнай зброі і не ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях. Ён нібыта ўступіў у адно з расейскіх грамадскіх абʼяднанняў і прыняў прысягу на вернасць. Пасля чаго быў адпраўлены з гуманітарнай місіяй на тэрыторыю Украіны, якая кантралюецца сіламі ЛНР. Там прабыў да студзеня 2017 года, перыядычна выязджаў у Растоўскую вобласць, а потым вырашыў вярнуцца дадому ў Гомель. Па словах гамельчука, казакі палка прымалі ўдзел у баявых дзеяння на баку ЛНР, аднак сам казачы полк, як вайсковае падраздзяленне, у баявых дзеяннях не ўдзельнічаў. Беларус акрамя пытанняў гуманітарнай дапамогі, таксама нібыта збіраў звесткі для казацтва і рабіў розныя інфармацыйныя ролікі. Акрамя таго, прымаў удзел у стварэнні базы дадзеных вайскоўцаў двух іншых часцей узброеных фармаванняў ЛНР і выконваў розныя даручэнні. Таксама мужчына пацвердзіў, што насіў форменнае абмундзіраванне казака і службовае пасведчанне, якое яму выдалі яшчэ ў Растоўскай вобласці для бесперашкоднага праезду праз блок-пасты на тэрыторыі ЛНР пры дастаўцы гуманітарнай дапамогі, піша «Гомельская праўда».

Прысуд гамельчуку – ўжо трэці ў Беларусі за ўдзел у вайне на Данбасе.

Нагадаем, 26 верасня Віцебскі абласны суд пакараў 29-гадовага Аляксея Яршова з Паставаў 2 гадамі хатняй хіміі паводле ч.1 арт. 361-3 – удзел у баявых дзеяннях за мяжой. Паседжанне праходзіла ў закрытым рэжыме. 16 лістапада Гомельскі абласны суд пакараў жыхара Рэчыцы Віталя Мітрафанава 2 гадамі «хіміі».

КА, ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў