У Гомлі стварылі Цэнтр беларускай мовы


«Гаваріте на нармальнам языке», «беларускіх бланкав нет», «я вас не понімаю» – гэткія адказы часцяком чуюць у сваёй краіне тыя, хто штодня размаўляе па-беларуску.

Часам сітуацыя абвастраецца настолькі, што беларускамоўным патрабуецца юрыдычная і псіхалагічная дапамога. Цяпер яе могуць аказаць у Цэнтры беларускай мовы. Пляцоўка пачала працу ў Гомлі.

Жыхар Баранавічаў папрасіў у паліклініцы выдаць даведку па-беларуску – яму адмовілі. Рэктарка Менскага абласнога інстытуту развіцця адукацыі пахвалілася, што на ўніверсітэцкім сайце можна чытаць беларускую версію – а там – няякасны аўтаматычны пераклад.

Абодва гэтыя выпадкі здарыліся цягам апошніх трох дзён. Адстойваць правы беларускамоўных беларусаў, хоць пакуль на ўзроўні аднаго гораду – збіраюцца ў новапаўсталым Цэнтры беларускай мовы, у Гомлі.

«На гарачую лінію можа патэлефанаваць любы гамяльчук, які сутыкнуўся з нейкай праблемай з беларускай мовай, ці – першае, што прыйшло ў галаву – яго абразілі, ці не далі нейкі бланк альбо сказалі «Кажыце на нармальнай мове», – кажа сустваральніца Цэнтру беларускай мовы Алеся Аўласевіч.

Цэнтр аказвае і псіхалагічная, і юрыдычную падтрымку.

У тым, што попыт на дапамогу будзе, тут не сумняваюцца. І наведнікі, і стваральнікі цэнтру могуць бясконца пералічваць выпадкі, калі мову крыўдзяць, не саромеючыся.

«Мой унук пайшоў у школу, у першы клас, і калі быў бацькоўскі сход, адна з жанчын заявіла: «Я не хочу, каб мой сын ізучал белорусскій язык!» Во дзе рэха адгукнулася таго насільнага рэферэндуму, які быў сфальсіфікаваны!» – распавядае сустваральнік Цэнтру беларускай мовы Яўген Якавенка.

Аўтары новай ініцыятывы спадзяюцца, што Кірава, 3 – гэта адрас пляцоўкі – таксама зробіцца месцам спатканняў тых, хто хоча ўдасканаліць сваю беларускую, паглядзець разам кіно, пагуляць у настольныя гульні ці абмяняцца кнігамі. Тут упэўненыя: беларускае цяпер у трэндзе – пачынаючы ад вышыванак і заканчваючы рэкламай сусветных брэндаў.

«Мы жывем на гэтай зямлі, мы абавязаныя ведаць мову, як палякі ведаюць сваю, як чэхі ведаюць сваю – яны ж не гавораць па-руску», – кажа наведніца цэнтру.

Установа дакладна будзе працаваць цягам найбліжэйшых трох месяцаў. Далейшае ягонае існаванне залежыць ад попыту і ад ахвяраванняў.

Чытайце таксама:

Марына Вашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў