У Гомлі прайшла прэзентацыя фільма «Белсату»


У Гомлі ў межах дыскусійнага клубу «Міжрэчча» прайшоў кінапрагляд і абмеркаванне фільма «Пастаўце ім залаты крыж».

У фільме апавядаецца пра памяць сучасных гомельцаў аб ахвярах вайны, якіх расстрэльвалі і закопвалі ў супрацьтанкавых рвах за горадам. Магчыма, памяць пра іх не дайшла б да нашага часу – калі б не старажылы ды неабыякавыя гараджане. Адзін з такіх людзей – жыхар вёскі «Краснае» Уладзімір Котаў – вырабіў за ўласныя грошы драўляны крыж і ўсталяваў яго на месцы меркаванага знаходжання парэшткаў ахвяраў вайны ў сваёй вёсцы.

Уладзімір Котаў
Мікола Бянько і ўдзельнікі кінапрагляду

Твор Яўгена Шапчыца і Міколы Бянько дужа ўсхваляваў гомельцаў і змог узняць гарачую дыскусію пра тое, што грамадству варта рабіць далей і як можна ўшанаваць памяць загінулых у трох супрацьтанкавых рвах.

Уладзімір Котаў кажа:

«Калі я вучыўся ў школе – вельмі шмат казалі пра Вялікую Айчынную вайну. Пра тое, што «ніхто не забыты, нішто не забыта». Але насамрэч тады гэта былі толькі словы, а калі я пачаў гэтым пытаннем займацца, то стала дзіўна, чаму раней не маглі на гэтым месцы зрабіць нейкі помнік. Бо пра яго заўжды было вядома і яшчэ мой бацька ўздымаў пытанне ўшанавання памяці загінулых на гэтым месцы. Таму зараз наш абавязак – давесці гэтую справу да канца».

Ганна Вашчанка, belsat.eu

Стужка навінаў