У Гомлі прадпрымальніца скончыла жыццё самагубствам, скокнуўшы з вакна восьмага паверху


Старшыня «Перспектывы» Анатоль Шумчанка мяркуе, што 55-гадовую Таццяну Дупанаву маглі давесці да самазабойства. Трагедыя здарылася а 4-й гадзіне раніцы 21 чэрвеня. Праз дзень ў яе меў адбыцца суд.

«Два тыдні таму яна ехала гандляваць у Чачэрск. Па дарозе яе спыніла ДАІ. Выявілася, што ў яе ў накладной не была пазначаная дата разгрузкі. Калі яна адразу ж упісала дату, ДАІ сказала, што іх гэта не хвалюе, і выклікала АБЭЗ. Тыя завезлі яе ў аддзяленне, прыехала падатковая, яе больш за тры гадзіны мучылі, складалі пратаколы. Натуральна, тавар увесь забралі, выклікалі ў падатковую. Потым яна паехала на гандаль у Буда-Кашалёў, каб «адбіваць« штрафы, дваццаць сукенак везла. І як знарок прыйшлі дзве жанчыны, сфатаграфавалі яе пункт, і яе выклікалі ў падатковую – маўляў, якое права вы маеце гандляваць.

Пасля гэтага яна пачала ўсяго баяцца, стала казаць, што там купляла валюту, там збудавала кватэру, цяпер пра гэта пачнуць пытаць… Потым пачала падскокваць, калі праязджалі машыны. Апошнія дні з яе размоваў з сяброўкамі я так зразумеў, што яна ўсё для сябе вырашыла, развітвалася ўжо з імі.

Заўтра меў быць суд. У яе ўсе думкі былі толькі пра гэта. Казала, што вельмі баіцца таго, што з ёй зробяць, вельмі накруціла сябе. Казала, што з ёй вельмі нахабна размаўлялі ў падатковай: казалі, што дадуць ёй тое і тое… Усе ведалі, што была нармальным чалавекам, сумленным, заўсёды старалася нічога не парушаць. Яе давялі ўсімі гэтымі праверкамі, аблавамі. Гэта сто адсоткаў», – пераказвае Анатоль Шумчанка.

У час, на які было прызначанае паседжанне па справе Дупанавай, сяброўкі прадпрымальніцы збіраюцца прынесці вянкі да будынку суду. Час і месца пахавання пакуль невядомае. Следчы камітэт прызначыў шэраг экспертызаў.

ДР belsat.eu паводле svaboda.org

Стужка навінаў