У Гомлі пабудавалі падземную прыбіральню за мільён долараў


25 і 26 кастрычніка ў горадзе над Сожам мае адбыцца Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які наведаюць кіраўнікі краінаў Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка.

Да гэтага мерапрыемства горад у аўральным рэжыме спрабавалі прывесці ў парадак: укладвалі новы асфальт і плітку на ходніках, мылі ліхтары, фарбавалі дахі, але «вішанькай на торце» стала ўзвядзенне самай дарагой прыбіральні ў краіне.

Выніковы кошт прыбіральні, што размясцілася на набярэжнай Сожу, склаў роўна мільён долараў. Тэрміны працы над праектам некалькі разоў пераносіліся: паводле тэндарнай дакументацыі будаўніцтва павінна было распачацца ў лютым 2018 года і скончыцца ў чэрвені. Па невядомых прычынах будаваць прыбіральню пачалі толькі ў чэрвені і мусілі скончыць у снежні. Але, як мы бачым, пабудавалі значна раней.

У тым жа тэндары крыніцай фінансавання пазначаны мясцовы бюджэт. Але рэальны кошт разышоўся з праектным амаль на 25 адсоткаў: будаўніцтва прыбіральні павінна было абысціся ў $ 750 тысячаў.

Унутры падземнай прыбіральні размесціцца 15 кабінак, таксама яна будзе дасяжная для маламабільных грамадзянаў – ужо ўсталяваныя пад’ёмнікі для вазкоў. Але схадзіць у гэтую прыбіральню можна будзе толькі платна. Колькі дакладна будзе каштаваць наведванне, пакуль невядома. Адкрыюць цуд-прыбіральню, якую мясцовыя ўжо паспелі назваць «маўзалеем», заўтра – 25 кастрычніка.

Belsat.eu пісаў пра гэтае будаўніцтва.

Ганна Вашчанка, belsat.eu

Стужка навінаў