У Гомлі на месцы расстрэлаў высякаюць лес. Будзе будоўля?


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGM2VWS3M5R052dlklMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]Лес сякуць – трэскі ляцяць. Ці застанецца штосьці ад Лешчынецкага лесу ў Савецкім раёне Гомля? Мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што ягонае месца могуць заняць навабуды. Ці ёсць падставы для такіх засцярог?

Жыхары вуліцы Касмічнай Гомля ўсхваляваныя высяканнем рэліктавага лесу, што раптоўна распачаўся ў іхным раёне. Дрэвы пачалі знішчаць акурат у той час, калі ў дзяржаўных медыях з’явілася навіна, што ўлады маюць намер вярнуць гораду статус зялёнага.

Паводле мясцовых жыхароў, чыноўнікі запэўнілі іх, што высяканне санітарнае і спілуюць усяго некалькі дзясяткаў дрэваў. Але гэтай інфармацыі людзі не давяраюць і лічаць, што знішчэнне дрэваў будзе працягвацца, бо тэрыторыя адведзеная пад будоўлю новага жылля.

ЖЫХАРЫ ВУЛ.КАСМІЧНАЙ:
«Абяцалі, што тут будуць будаваць дамы, але, калі пачнуць будаваць, – усе дрэвы павысякаюць, пакінуць некалькі і ўсё, тут нічога не будзе».
«Усе супраць высякання лесу, я яшчэ не чула, каб нехта быў за, усе супраць».

Скардзіліся незадаволеныя жыхары ўва ўсе мясцовыя інстанцыі, але сэнсоўнага адказу не атрымалі, а найбольш нараканняў на адсутнасць кантакту з мясцовымі ўладамі, у тым ліку са старшынём гарвыканкаму Пятром Кірычэнкам.

СЯРГЕЙ ГАНЧАРОЎ, ЖЫХАР ВУЛ. КАСМІЧНАЙ:
«Прапаноўвалі спадару Кірычэнку – давайце выйдзем адзін аднаму і развяжам гэтае пытанне разам – улады і народ, колькі нас там прагаласавала. Але насустрач нам ніхто не пайшоў, колькі ні пісалі – адпіскі адпіскі ды адпіскі».

У камітэце архітэктуры і будаўніцтва Гомельскага аблвыканкаму супакойваюць, што новыя дамы будаваць сапраўды будуць, але лесу гэта не закране.

СВЯТЛАНА КУХАЦКАВОЛЕЦ, КАМІТЭТ АРХІТЭКТУРЫ І БУДАЎНІЦТВА ГОМЕЛЬСКАГА АБЛВЫКАНКАМУ:
«Гэта зялёная зона агульнагарадскога значэння. У адпаведнасці з генпланам, там дзе знаходзіцца жылая забудова – там плануецца будова групы жылых дамоў без маштабнага высякання».

За Лешчынецкі лес мясцовыя жыхары актыўна змагаюцца з мінулага года – тады яны перамаглі ў грамадскім абмеркаванні ў пытанні будоўлі тут жыллёвага комплексу. Апроч таго, што гэта адзіная экалагічна чыстая зона ў прамысловым раёне, у лесе масавыя пахаванні людзей.

ЯЎГЕН МЕРКІС, ГІСТОРЫК:
«Там у 30-ыя гады быў перасыльны пункт, лагер для зняволеных, для тых, хто потым станавіўся ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў. Таксама ёсць звесткі, што там адбываліся і расстрэлы, а не толькі часовы лагер быў. Ёсць інфармацыя, што там было і месца, дзе немцы здзяйснялі расстрэлы падчас Другой сусветнай вайны».

Парэшткі ахвяраў у Лешчынецкім лесе аніяк не даследаваныя і не ўшанаваныя, дрэваў паціху менее. Мясцовыя ж жыхары збіраюцца сачыць, каб санітарнае высяканне не абярнулася расчышчэннем пляцоўкі для будовы.

ІД, «Белсат»

Стужка навінаў