У Гомлі міліцыя затрымала 15-гадовую школьніцу за рэкламу крамы наркотыкаў


Дзяўчыну, вучаніцу сярэдняй школы Гомля, міліцыя затрымала падчас нанясення трафарэтных надпісаў, якія рэкламуюць працу ў інтэрнэт-краме па продажы наркотыкаў.

Паводле прэс-службы УУС Гомельскага аблвыканкаму, куратар інтэрнэт-крамы прапанаваў дзяўчыне грошы – 3 рублі за нанясенне адной рэкламнай надпісы. Яна пагадзілася. Працавала па вечарах і ўначы. Малявала графіці на фасадах будынкаў у Гомлі з выкарыстаннем аэразольных балонаў з фарбай і вырабленых ёю трафарэтаў.

«Таксама ўстаноўлена, што няпоўнагадовая мела намер уладкавацца ў інтэрнэт-краму ў якасці кур’ера па распаўсюдзе «закладак» з наркатычнымі сродкамі і псіхатропнымі рэчывамі на тэрыторыі горада», – сцвярджаюць у міліцыі.

У прэс-рэлізе праваахоўнікаў адзначаецца, што ў дачыненні школьніцы распачаты адміністратыўны працэс па факце наўмыснага пашкоджання або знішчэння маёмасці. Матэрыялы праверкі знаходзяцца ў інспекцыі па справах няпоўнагадовых.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў