У Гомлі крэатыўны судовы выканаўца – спаганяе штрафы з журналістаў праз сацсеткі


Дзмітрый Калодзін напісаў у «Аднакласніках» да гомельскай журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай і прапанаваў неадкладна сплаціць штрафы. У іншым выпадку ён пагражае абмежаваць права журналісткі на кіраванне аўтамабілем і забараніць выезд за мяжу.

Гэта першы такі зварот праз сацыяльныя сеткі, кажа Ларыса Шчыракова. Раней пасля судовых штрафаў яна атрымлівала падобнае папярэджанне на фірмовым бланку з пячаткай установы.

«Лічу судовага выканаўцу Калодзіна вельмі актыўным і крэатыўным супрацоўнікам. Мне нават стала крыху няёмка, бо штрафы за так званую падрыхтоўку відэаматэрыялаў для тэлеканалу «Белсат» без акрэдытацыі я даўно сплаціла, а квітанцыі судоваму выканаўцу не перадала. Існуе, праўда, адзін істотны нюанс у ініцыятыве судовага выканаўцы: такі зварот не гарантуе, што інфармацыя дойдзе да адрасата, паколькі профіль са здымкам у сацыяльных сетках з любым прозвішчам можа стварыць хто заўгодна. У такім разе інфармацыя, якая датычыць толькі мяне, стане вядома іншаму чалавеку», – сказала журналістка.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што Дзмітрый Калодзін у гэтай сітуацыі павёў сябе карэктна.

«Калі б ён быў маім падначаленым, я даў бы яму прэмію. Бо ніякага парушэння працэдуры спагнання штрафу з боку судовага выканаўцы няма. Судовы выканаўца мае права розным чынам спаганяць штрафы з вінаватага. Ён адсочвае, ці ёсць грошы на рахунку чалавека. Можа накласці арышт на транспартны сродак, апісаць іншую маёмасць. Час не стаіць на месцы. Цяпер з’явілася магчымасць камунікаваць з вінаватымі праз сацыяльныя сеткі. Абразы журналісткі на старонцы ў «Аднакласніках» не было – судовы выканаўца ветліва нагадаў, што трэба разлічыцца з дзяржавай, бо інакш будуць ужытыя рэпрэсіўныя захады».

Чытайце больш >>> Аўтарамі «Белсату» цікавіцца гэбіст з «Белоруссии»

ДР belsat.eu паводле baj.by

Стужка навінаў