Пікеты патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва у Менску і Гомлі. ВІДЭА


7 чэрвеня ў Менску каля Камароўскага рынку і ў Гомлі каля ўніверсаму «Гомель» прайшлі пікеты па зборы подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва, у тым ліку за Віктара Бабарыку, Валерыя Цапкалу, Святлану Ціханўскую. «Белсат» зладзіў стрым з гэтых акцыяў.

У нядзелю 7 чэрвеня ініцыятыўныя групы Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы, Святланы Ціханоўскай правялі некалькі буйных пікетаў. У Гомлі каля ўніверсаму «Гомель» а 12 гадзіне распачаўся збор подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнта. У Менску каля Камароўскага рынку таксама а 12 гадзіне пачалі збор подпісаў ініцыятыўныя групы патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва. «Белсат» зладзіў стрым з гэтых пікетаў.

На пікеце каля Камароўскага рынку ў Менску, 7 чэрвеня. Фота belsat.eu

Менск

16:30 Каля Камароўскага рынку працягваецца збор подпісаў. Паралельна з гэтым пачаліся затрыманні: каля свайго дому затрымалі Паўла Севярынца. Таксама затрыманая Вольга Нікалайчык.

14:15 Чарга не змяншаецца. Вельмі шмат людзей падыходзяць да журналістаў «Белсату». Адзін з суразмоўцаў, мужчына, які прыехаў з Ляхавічаў, каб падтрымаць Сяргея Ціханоўскага:

«Гэта фашызм і генацыд, што робіцца».

Шмат людзей сабраліся на плошчы перад Камароўскім рынкам на «свабодным мікрафоне» і скандуюць «Свабоду беларускаму народу» і «Сыходзь».

Аўтазак на пікеце па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў. Фота belsat.eu

13:30 Пад Камароўскі рынак пад’ехала аўта з гукаўзмацняльнай апаратурай. Прагучала папярэджанне, што адбываецца несанкцыянаваная акцыя. Людзей папярэдзілі, што да іх будуць ужытыя меры. Прысутныя вельмі абурыліся, сустрэлі гудзеннем і свістам.

Канца чаргі не бачна. Яна расцягнулася як мінімум да станцыі метро «Плошча Якуба Коласа». Людзі адзначаюць, што такога пратэставага руху, які цяпер аб’яднаў беларусаў, раней не было.

Па версіі control.by на Камароўскім рынку сабралася каля 1350 чалавек.

Пікет па збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў каля Камароўскага рынку ў Менску, 7 чэрвеня. Фота belsat.eu

Актывіст «Страна для жизни» кажа, што з 200 чалавек ініцыятыўнай групы Святланый Ціханоўскай затрымалі 80:

«Лукашэнка прыціснуў нас да сценкі. Жыцця няма, грошай няма, нічога няма. Кожны ягоны заканадаўчы акт альбо абмяжоўвае нашу свабоду альбо залазіць у нашую кішэню».

13:00 На пікеце з’явіліся супрацоўнікі міліцыі. Людзі пачалі крычаць «Жыве Беларусі» і «Ганьба». Павел Севярынец просіць не паддавацца на правакацыі. Міліцыянты адыходзяць на прыступкі Камароўскага рынку.

«Лукашэнка – гэта ганьба для беларусаў!», – абураецца мянчанка.

На пікеце каля Камароўскага рынку ў Менску, 7 чэрвеня. Фота belsat.eu

Вольны мікрафон узяла актывістка Вольга Нікалайчык. Яны заахвочвае людзей не баяцца і прыходзіць на пікеты.

«Тут вырашаецца лёс краіны. Альбо мы застанемся ў гэтай турме і маральнай клаацы».

Вольга Нікалайчык заклікала назбіраць прысутных на квіток у адзін бок «для вусатага ў Гаагу». Людзі актыўна скідваюцца па грошу ў кардонку.

На пікеце каля Камароўскага рынку ў Менску, 7 чэрвеня. Фота belsat.eu

На пікет прыйшоў беларускі пісьменнік Ян Грыб, якога жорстка затрымалі на Дні Волі 25 сакавіка ў 2017 годзе.

«Я паабяцаў, пакуль жывы, буду выходзіць на кожную акцыю. Хоць мне 84 гады, але я страляю вельмі добра. Пакуль я жывы, я буду тут, з народам. Душа баліць за радзіму. Я ўсіх прызываю не баяцца і прыходзіць».

Беларускі пісьменнік Ян Грыб на пікеце ў Менску. 7 чэрвеня. Фота belsat.eu

12:00 Каля Камароўскага рынку збіраюцца людзі на пікет па збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў. Прамаўляе Павел Севярынец. Актывіст дае мікрафон прысутным, каб тыя выказалі тое, што набалела.

«У нас не будзе майданаў, мы ўсё зробім паводле закону. А калі ён забыўся, што такое закон, і збіраецца ў нас страляць, – гэта злачынства. Яны нас баяцца, баяцца падняць вочы. Мы за закон і шчырыя выбары», – кажа жанчына.

«Я чакала гэтага даўно. Як мінімум з 2010 годзе. Сёлета прыгожа б усё было, калі б не было правакацыі», – выказваецца яшчэ адна мянчанка.

Пікет па збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў каля Камароўскага рынку ў Менску. 7 чэрвеня. Фота belsat.eu

На пікет прыйшоў і мужчына на мыліцах з бел-чырвона-белым-сцягам.

«Я адзіны параалімпіец у свеце, якія бесхацінец. У мяне трое дзяцей і жонка інвалід. Мы жылі на 12 квадтратных метрах у інтэрнаце для інвалідаў. У 2007 годзе Лукашэнка адмяніў для нас ільготы. Нас выкінулі на вуліцу».

Мужчына з бел-чырвона-белым сцягам на пікеце альтэрнатыўных кандыдатаў у Менску. 7 чэрвеня. Фота belsat.eu
Мужчына з бел-чырвона-белым сцягам на пікеце альтэрнатыўных кандыдатаў у Менску. 7 чэрвеня. Фота belsat.eu

На сходзе з’явілася жанчына і пачала голасна крычаць, што «усё гэта глупства». Відавочна, яна мела на ўвазе выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра пагрозу страляць у людзей, якія працытавала адна з прысутных на сходзе.

Пікет альтэрнатыўных Святланы Ціханоўскай кандыдатаў у Менску. 7 чэрвеня. Фота belsat.eu

Пікет па збору подпісаў праводзіць яшчэ адзін кандыдат у прэзідэнты Юрась Губарэвіч.

«Калі людзі будуць выходзіць на вуліцу, то можна будзе паўплываць і на выбарчы працэс», – упэўнены палітык.

Дзяўчыны, якія раздаюць кветкі супрацоўнікам АМАПу і ўдзельнікам акцыі «За мір». Фота belsat.eu

На пікеце маладыя людзі раздаюць інфармацыйныя улёткі пра назіральнікаў.

«У нас жорсткая дыктатура, але беларусы – не баязліўцы. Румас пайшоў рабіць бізнес і зарабляць грошы. Чаму ж ён не зарабіў грошай для краіны?»– распавядае мужчына, які падышоў да нашых журналістаў.

«Два бандыты схапілі чалавека, кінулі ў аўтобус. Гэта ўсё адбывалася ў прысутнасці міліцыі. Мой прэзідэнт ніколі не будзе гэтага заахвочваць, мой прэзідэнт не будзе пагражаць масавымі расстрэламі. Лукашэнка сам сабе выкапаў магілу. Хопіць жыць у хлусні! Прачынайцеся, прыходзьце. Мы не хочам майданаў, мы хочам шчырых выбараў. Я пастаўлю подпіс за кожнага альтэрнатыўнага кандыдата», – кажа мужчына, які прыйшоў на Камароўку за прадуктамі і затрымаўся на пікеце.

На пікеце каля Камароўскага рынку ў Менску, 7 чэрвеня. Фота belsat.eu
У Менску на пікеце хлопец зрабіў сваёй дзяўчыне прапанову. Арсень і Вераніка. Фота belsat.eu

Гомель

14:00 Распачаўся моцны дождж з градам, таму гомельцы пачалі разыходзіцца. Пікет прыпынілі з натуральных прычынаў.

«Тое, як ён трымаецца за ўладу, – незаконна. Цярплівасці прыйшоў канец. Усіх не перасаджае і не перастраляе», – каментуе гамяльчук.

Фота: «Белсат»

13:00 Людзі актыўна дзеляцца тым, што набалела, кажуць пра адсутнасць перспектываў для сябе і дзяцей, праблемы ў адукацыі і ахове здароўя, збядненне.

«Ён дастаў, ужо немагчыма на яго глядзець. А чаго нам баяцца? Не будзе ён страляць, будзе яму сорамна. Мы не «народзец», не «людцы». Сорам», – абураюцца дзве жанчыны.

Фота: «Белсат»

«Ненавіджу Лукашэнку. Працуе ў домакіраўніцтве зваршчык 5 разраду. Заробак – 360 рублёў. Немагчыма жыць. Прыходзяць збіраць за Лукашэнку подпісы, націскаюць падпісвацца», – распавядае гамяльчук.

«Мне сорамна, што я не размаўляю па-беларуску. Кажуць ва Украіне горш, але яны ганарацца культурай, мовай. У нас усё задушылі», – распавядае гамяльчанка ў чарзе.

12:00 У Гомлі каля ўнівермагу на пікеце ўжо сабралася больш 200 чалавек. Лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі. Подпісы збіраюць за восем альтэрнатыўных кандыдатаў. Самая доўгая чарга стаіць да Святланы Ціханоўскай.

«Беларускае тэлебачанне – адстой. Хутка будзе няма чым карміць дзяцей. Няхай сыходзіць мірна», – кажа гамяльчанка.

Фота «Белсат»
Фота «Белсат»
Фота «Белсат»
Вольга Кавалькова на пікеце ў Гомлі. Фота «Белсат»
Фота: «Белсат»

Жанчына, якая прыйшла аддаць подпісы за кожнага кандыдата, кажа, што цяпер людзі выйшлі, бо больш пачалі праводзіць часу ў інтэрнэце, дзе ёсць альтэрнатыва беларускаму тэлебачанню, па якому паказваюць прыгожую карцінку.

«Але БТ і рэчаіснасць – дзве розныя краіны. Трэба даць шанц кожнаму кандыдату, акрамя аднаго. Я стаю і гляджу, баюся правакацыі, каб нічога не выкарысталі супраць мяне. Я ўсё люблю ў сваёй краіне, акрамя аднаго – улады».

У Гомель прыехала збіраць подпісы кандыдатка ў кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду Вольга Кавалькова. Актывістка распавяла, што напярэдадні пікету затрымалі чальца ейнай групы.

«Гэта злачынства. Відавочна, што людзі гатовыя падтрымаць кожнага, акрамя аднаго. Спадзявання на ўладу няма ніякага. Людзі не давяраюць уладзе. Лукашэнка зняважыў беларусаў, яны стаміліся. Яшчэ пяць гадоў пры Лукашэнцы Беларусь не пражыве».

Аб’ектыў
Выбарчая кампанія: заява ў следчы камітэт на Ціханоўскага і ператрус на ягоным лецішчы
2020.06.04 22:41

СК/ДР belsat.eu

Стужка навінаў