У Гомлі будуць судзіць расейскага сутэнёра – ён спрабаваў вывезці беларускіх дзяўчат у РФ


Гомельскія следчыя завяршылі расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 40-гадовага грамадзяніна Расеі, які вербаваў гамяльчанак для занятку прастытуцыяй. Цяпер справу накіруюць у суд.

«У пачатку верасня непрацуючы жыхар г. Сокал Валагодскай вобласці, 1978 года нараджэння, прыехаў у Гомель у пошуках маладых асобаў для далейшай працы жрыцамі кахання на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, – паведамляецца на сайце УУС Гомельскага аблвыканкаму, – Дзве гамяльчанкі пагадзіліся паехаць за доўгім рублём, што абяцаў працадаўца. Але план перапраўкі будучых сэкс-рабынь праваліўся днём 2 кастрычніка 2018 года. У Добрушскім раёне на мяжы Беларусі і Расеі аўтамашына з расейцам і дзяўчатамі была затрыманая аператыўнікамі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Гомельскага аблвыканкаму».

Гомельскія следчыя распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 171 КК Рэспублікі Беларусь (арганізацыя або выкарыстанне заняцця прастытуцыяй). Расейскаму грамадзяніну пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Hавiны
Суд у Віцебску прызнаў бацюшку з Расеі вінаватым у сутэнёрстве
2017.11.14 09:23

Гэта не першы выпадак, калі расейскага грамадзяніна будуць судзіць за спробу вывезці беларускіх дзяўчат для заняцця прастытуцыяй у РФ. У 2017 годзе рэзананс набыла справа 39-гадовага святара Мікалая Кірэева ​​з храму Святых апосталаў Пятра і Паўла ва Ўсяволаскім раёне Ленінградскай вобласці. Паводле следства, бацюшка з красавіка па жнівень 2017 гады вёў перапіску ў сетцы Інтэрнэт з двума жыхаркамі Віцебску. Калі ён атрымаў згоду апошніх на занятак прастытуцыяй за грашовае ўзнагароджанне ў горадзе Санкт-Пецярбургу, 3 жніўня прыбыў у Віцебск з мэтай іх дастаўкі ў Расейскую Федэрацыю. Правёўшы некалькі гутарак з 20-гадовай і 30-гадовай жанчынамі і дасягнуўшы дамоўленасці аб іх вывазе, мужчына быў затрыманы пры пасадцы ў аўтобус «Віцебск-Санкт-Пецярбург». За сутэнёрства Мікалаю Кірэеву прызначылі пакаранне ў выглядзе 5 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў