У Гомлі судзяць Максіма Філіповіча, напярэдадні ягонага дня народзінаў. Перапынак да 16:00


Справа будзе разглядацца ў судзе Савецкага раёну.

«Мяне будуць судзіць не за тое, што я кагосці зняважыў, а за сам факт, таго, што я нібыта незаконна вырабляю відэа і незаконна выкладваю ў інтэрнэт», – распавёў блогер на сваім канале.

10 ліпеня актывіста выклікаў у гарадскі аддзел міліцыі Савецкага РАУС Гомлю праз смс-паведамленне ўчастковы інспектар Акуліч.

Філіповіча абвінавачваюць у тым, што ён парушыў закон «Аб СМІ» – «адкрыў ад свайго імя канал відэапаведамленняў Youtube і атрымлівае ад сэрвісу прапарцыянальную колькасці праглядаў плату, дзе перыядычна размяшчае паведамленні для нявызначанага кола асобаў».

«Эксперт аблвыканкаму Барысаў указаў, што канал »Гарантый Няма« нельга аднесці да СМІ і рэгістрацыя каналаў ютуб законам не прадугледжаная», – напісаў на Facebook Андрэй Стрыжак.

У судзе аб’яўлены перапынак да 16:00.

Максіма Філіповіча і раней абвінавачвалі ў незаконным распаўсюдзе інфармацыйных паведамленняў праз інтэрнэт – у тым ліку ў «замене дзяржаўных СМІ, у тым ліку па фармаванню грамадскага меркавання сярод грамадзянаў Беларусі».

Гамяльчук стаў папулярным падчас сакавіцкіх пратэстаў супраць Дэкрэту №3. Блогер наведваў розныя гарады Беларусі, дзе адбываліся пратэсты, каб зняць відэа з акцыі і пасля выкласці на сваім канале ў YouTube. За веснавыя акцыі недармаедаў Філіповіча арыштоўвалі чатыры разы. Усяго ён адсядзеў 30 содняў – больш, чым усе астатнія актывісты.

Актыўным блогер Філіповіч стаў у 2015-м, калі яго без тлумачэння прычыны звольнілі з пасады кіроўцы на прадпрыемстве «Сейсматэхніка». 4 красавіка, калі ён адбываў свой трэці арышт, стала вядома, што падатковая інспекцыя вызваліла яго ад абавязку сплочваць падатак «на дармаедства».

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў