У Гомлі будуць судзіць былога ўдзельніка банды Марозава


Ілюстратыўнае фота rambler.ru

Упраўленне Следчага камітэту па Гомельскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да аднаго з былых удзельнікаў адной з найбуйнейшых у краіне арганізаванай злачыннай групоўкі.

Паводле матэрыялаў справы, у 2015 годзе ўраджэнец Пінску, працуючы на ​​будаўнічым аб’екце ў Гомлі, пазычыў знаёмаму прадпрымальніку 5 тысяч долараў. Па вуснай дамоўленасці той абавязаўся вярнуць грошы з працэнтамі не пазней чым праз год. Аднак ва ўказаны тэрмін прадпрымальнік, спасылаючыся на кепскае фінансавае становішча, пазыку не вярнуў.

Праз нейкі час крэдытор скончыў працу ў Гомлі і вярнуўся ў Пінск. У жніўні 2018 года, каб вярнуць свае грошы, па парадзе сябра ён звярнуўся па дапамогу да раней незнаёмага 41-гадовага гамельчука. Неўзабаве «калектар» наведаў прадпрымальніка па месцы жыхарства, прадставіўся чальцом злачыннай банды Марозава, якая дзейнічала на Гомельшчыне ў мінулым, і пад пагрозай фізічнага гвалту і знішчэння маёмасці запатрабаваў перадаць яму 15 тысяч долараў.

На наступны вечар яны сустрэліся на плошчы Паўстання ў Гомлі. Паводле следства, «дзеля надання большай пераканаўчасці сваім пагрозам» былы ўдзельнік злачыннай арганізацыі прынёс на сустрэчу дакумент – прысуд Вярхоўнага Суда ад 2006 года па абвінавачванні яго і астатніх «марозаўцаў», а таксама пісталет. Ён стаў патрабаваць 5 тысяч долараў на падтрыманне ў месцах зняволення асуджаных чальцоў банды. Мужчына быў затрыманы аператыўнікамі ГУБАЗіК.

Паводле заключэння эксперта, пісталет аказаўся пнеўматычным газабалонным.

Затрыманы гамельчук неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, у тым ліку за разбой, удзел у злачыннай арганізацыі, махлярства, вымагальніцтва. У 2015 годзе быў вызвалены пасля адбыцця тэрміну пакарання. СК прадʼявіў яму абвінавачванне па ч.1 ст.384 КК («прымус да выканання абавязацельстваў») і ч.2 ст.208 («вымагальніцтва, здзейсненае паўторна, пад пагрозай забойства і прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, з мэтай атрымання маёмаснай выгады ў буйным памеры»).

Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.

***
Банда пад кіраўніцтвам Сяргея Марозава больш за 10 гадоў здзяйсняла жорсткія злачынствы на тэрыторыі Гомельскай вобласці – вымагальніцтва, рабаванні, забойствы і іншыя. У 2006 годзе паводле прысуду Вярхоўнага суда трое «марозаўцаў» былі прысуджаныя да расстрэлу. Вялікія тэрміны зняволення атрымалі і іншыя ўдзельнікі банды.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары