У Гомлі адбылося ДТЗ. Загінуў міліцыянт


Фота: uvd.gomel.by

Учора ў Гомлі адбылося ДТЗ з удзелам супрацоўніка ДАІ.

Міліцыянт спрабаваў спыніць матацыкл, які рухаўся без рэгістрацыйных знакаў. Кіроўца не спыніўся па патрабаванню інспектара і павялічыў хуткасць. Супрацоўнік ДАІ быў вымушаны пачаць пераследаваць матацыкл, у якога не было рэгістрацыйных знакаў.

Падчас пагоні матацыкл міліцыянта сутыкнуўся з аўтамабілем, у выніку сутыкнення аўтамабіль адкінула на сустрэчную паласу і адбылося ўзгаранне матацыкла. Інспектара ДАІ з цяжкімі траўмамі даставілі ў рэанімацыю. Ён памер ад атрыманых пашкоджанняў.

Хутка быў знойдзены кіроўца матацыклу, якога пераследавалі міліцыянты. Ім апынуўся хлопец 1997 нараджэння, які не мае права на кіраванне матацыклам. Яго неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху.

У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа па частцы 2 артыкула 317 Крымінальнага Кодексу Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, што ў 2016 годзе на пачатку мотасезону ў Менску на скрыжаванні праспекта Машэрава і Незалежнасці таксама адбылося здарэнне з удзелам супрацоўніка ДАІ. Ён намагаўся пасярод дарогі спыніць матацыкліста, схапіўся за ручку газа і пацягнуў. Праз гэта матацыкл пачаў набіраць хуткасць і пацягнуў інспектара па зямлі.

У выніку здарэння інспектар атрымаў цяжкія пашкоджанні. Адразу пасля гэтага міліцыянты сталі масава канфіскоўваць матацыклы. Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч назваў гэта «прафесійнай помстай у межах заканадаўства».

ГА, belsat.eu паводле uvd.gomel.by

Глядзі таксама
Каментары