У гомельскім аэрапорце загінулі 87 козаў


Здарэнне адбылося пры пасадцы на дазапраўку самалёту, які перавозіў жывёлу з Еўропы ў Казахстан. Транспартаванне ажыццяўляла беларуская авіякампанія «РубіСтар», падае радыё «Свабода».

Усяго ў грузавым самалёце было 300 козаў, размешчаных у драўляных клетках у два паверхі. Пры пасадцы самалёта для дазапраўкі драўляныя канструкцыі не вытрымалі. Козы з верхняга паверху падушылі тых, якія былі ніжэй.

87 козаў загінулі, паводле ветэрынарных нормаў іх спалілі. Жывых, у тым ліку і пакалечаных, павезлі ў Казахстан аўтатранспартам.

«Наколькі я ведаю, перавозчык нетрывала замацаваў клеткі, і яны ўпалі пры пасадцы. Магчыма, перавозчык памыліўся. Магчыма, тыя людзі, што замацоўвалі, вінаватыя. Дакладна колькі козаў загінула, не ведаю, не магу назваць дакладную колькасць», – распавёў памочнік генеральнага дырэктара кампаніі «Белаэранавігацыя» Алег Казючыц.

Дырэктар аэрапорту «Гомель» Павал Навасёлаў кажа, што гомельскі аэрапорт да інцыдэнту дачынення не мае:

«РубіСтар» з’яўляецца перавозчыкам, яны выконвалі гэты рэйс. Няхай яны даюць інфармацыю», – сказаў Навасёлаў.

У бухгалтэрыі «РубіСтару» пацвердзілі, што здарэннем з козамі займаўся эканаміст Аляксандр Марозька. Аднак той адмовіўся распавесці падрабязнасці журналістам, параіўшы скіраваць афіцыйны пісьмовы запыт да кіраўніцтва кампаніі.

ДД; фота анонсу – Caters News/Forum

Стужка навінаў