У гомельскай праваслаўнай бажніцы адмянілі службы пасля інфармацыі ў Тэлеграм пра інфікаваных


Царква Святога праведнага Іаана Кармянскага ў Гомлі прыпыніла правядзенне службаў.
Фота: «Белсат»

У царкве і сярод вернікаў няма адзінства, што да зменаў у духоўных рытуалах і настаўленняў прыхаджанаў падчас эпідэміі каронавіруса. Святар Царквы Святога праведнага Іаана Кармянскага ў Гомлі змагаецца за выкананне захадаў бяспекі. У інтэрв’ю «Белсату» ён агучыў свае прапановы і тое, што атрымлівае ў адказ.

У тэлеграм–канале «Рэальная Беларусь» з’явіўся допіс пра «шэраг дзіўных прастуд супрацоўнікаў царквы Іаана Кармянскага ў Гомлі». Паводле аўтара допісу, настаяцель, двое рэгентаў (кіраўнікі царкоўнага хору), двое сталых пеўчых і панамар мелі павышаную тэмпературу, адна асоба – са стратаю смаку і нюху. У святара дыягнаставалі запаленне лёгкіх. У допісе пазначана, што аніякага каранціну ў царкве не абвясцілі.

«Складаецца ўражанне, што епархія вырашае пытанне не абароны прыхаджанаў, а праблему працягу набажэнстваў, бо пець і чытаць на службах ужо няма каму», – рэзюмуе ананімная крыніца.

Мы звярнуліся па каментар да святара айца Уладзіміра, які дзяжурыў у царкве.

Ці праўдзівая гэтая інфармацыя ў тэлеграм–канале?

У святароў Царквы Святога праведнага Іаана Кармянскага ў Гомлі супрацьлеглае стаўленне да эпідэміі.
Фота: «Белсат»

Так, усё так і ёсць, гэта не фэйк. Раніцай мне патэлефанаваў настаяцель нашай бажніцы і запытаўся, ці не я даслаў інфармацыю ў тэлеграм–канал. Я адказаў адмоўна, хаця пацвердзіў, што пра сітуацыю з хворымі супрацоўнікамі я размаўляў з прыхаджанамі і пісаў у сваім профілі на фэйсбуку. Я перакананы, што людзі павінныя ведаць сітуацыю. Чаму я мушу хаваць гэтыя факты, у чым праблема?

Ці была нейкая рэакцыя на інфармацыю?

Так, сёння было прынята рашэнне не праводзіць службы. Але кожны дзень святар знаходзіцца на дзяжурстве з 9 да 17 і можа выконваць пэўныя пільныя функцыі.

Што змянілася ў графіку бажніцы ў сувязі з пандэміяй каронавірусу?

Большасць нашых прыхаджанаў сталыя людзі, і, канешне, яны радзей сталі прыходзіць у бажніцу. Да пандэміі ў будзень службы наведвалі 3 – 5 асобаў, у выходны 30 – 70. Цяпер у будзень амаль ніхто не ходзіць, хіба толькі на паніхіды пара чалавек. Вось сёння я адслужыў дзве паніхіды.

Якія прафілактычныя захады зараз рэалізуюцца ў царкве?

Яшчэ напрыканцы сакавіка адмянілі цалаванне крыжа. У будынку ёсць антысептык, на падлозе разметка, на якой адлегласці варта стаяць падчас службаў. У мінулую нядзелю было 10 прычаснікаў, хаця я заклікаў сваіх прыхаджанаў не прычашчацца да канца пандэміі, з любоўю да бліжняга – не прыводзіць дзяцей. Я адзін сярод святароў знаходжуся ў масцы, хаця настаяцель закупіў маскі для ўсіх.

Мой калега святар займае пазіцыю адмаўлення каронавірусу, кажа, што ўсё гэта лухта. У яго традыцыйная, фундаменталісцкая пазіцыя і іранічнае стаўленне да прыхаджанак, якія ходзяць у масках. Але ў яго, дарэчы, дыягнаставалі пнеўманію. Я вельмі ўдзячны нашаму настаяцелю, што ён нас з калегам, які адмаўляе каронавірус, пачаў разводзіць, каб мы менш кантактавалі. Бо я ў масцы, а той без маскі. У нас на гэтай глебе канфлікт.

Якія найбольш небяспечныя рытуалы з гледзішча магчымасці заразіцца ў бажніцы?

Дэзінфектару недастаткова для абароны вернікаў і святароў пад час богаслужэнняў – лічыць Айцец Уладзімір з Гомлі.
Фота: «Белсат»

У царкве зараз ідзе багаслоўская спрэчка – ці можа зараз чалавек заразіцца COVID-19 падчас прычасця ці не? Я лічу, што можна заразіцца і што адной дэзынфекцыі падчас прычасця – недастаткова.

Лыжку, з якой людзі прычашчаюцца, праціраюць анучкаю, намочанай у гарэлцы. Як гэта адбываецца: стаіць панамар, я трымаю ў руцэ лыжку, пасля кожнага чалавека я яму яе працягваю. Ён анучкай працірае, я палашчу яе ў гарачай вадзе і чэрпаю, даю наступнаму чалавеку. Але за гэтыя тры секунды працірання гарэлкай я перакананы, што вірус не гіне. Я з самага пачатку прапаноўваю іншыя больш бяспечныя варыянты прычасця. Але праблема ў тым, што мы ў прыходзе нічога не вырашаем, гэта глабальная праблема. Каб мы вырашалі, мы б маглі сабрацца з прыхаджанамі, абмеркаваць небяспеку і падумаць пра выйсце з сітуацыі.

На маю думку, можна арганізаваць гэты абрад так: чалавек прычашчаецца не з чашы – з лыжкі, а мы даем яму частку св. Дароў, папярэдне ў алтары прасякнутую Крывёю, а прыхаджане самі бяруць. Такім чынам ніхто наўпрост ні з кім не кантактуе. Я прапанаваў гэты варыянт настаяцелю, і той абяцаў абмеркаваць гэта ў епархіі, але, відаць, там гэты варыянт не ўхвалілі. Бачу, што не ўхвалілі нашае ідэі карыстацца аднаразовымі лыжкамі, якія мы ўжо закупілі.

Ці ў каго з вашага прыходу быў дыягназаваны афіцыйна COVID-19?

Аб’ява на стэндзе Царквы Святога праведнага Іаана Кармянскага ў Гомлі.
Фота: «Белсат»

Ні ў каго. У майго калегі святара, паводле ягоных словаў, невялікая пнеўманія, а тэст на каронавірус адмоўны.

Вы асабіста падчас пропаведзяў распавядаеце людзям пра небяспеку каронавірусу?

Так, я пачаў у красавіку прыхаджанам казаць пра гэтую хваробу і небяспеку заразіцца ад асобы, якая можа хварэць бессімптомна. Я заклікаў прыхаджанаў убачыць, што ёсць небяспека, што пра гэта кажа і сінод, трэба выконваць захады бяспекі. Пасля некалькіх такіх пропаведзяў настаяцель паведаміў, што нехта скардзіцца на мяне ў епархію.

Якая была рэакцыя прыхаджанаў на вашыя прамовы?

У праваслаўнай царкве ў Гомлі шмат супрацоўнікаў, якія прастудзіліся. Асобаў з тэстам COVID+ афіцыйна няма.
Фота: «Белсат»

Царкоўны народ усё ўспрыняў неадназначна. Нехта мяне паслухаўся. Перасталі хадзіць у царкву некаторыя бабулькі, шматдзетная сям’я, а некаторыя ўпарта прыходзяць, наўмысна цалуюць іконы, рукі.

Чым вы кіруецеся ў сваёй дзейнасці падчас пандэміі?

Рэкамендацыямі лекараў–эпідэміёлагаў, здаровым сэнсам. Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) – частка Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), таму для нас маюць моц таксама рашэнні маскоўскага сіноду і беларускага сіноду, а таксама рашэнні нашай мясцовай епархіі, але апошняя вельмі запаволена рэагуе на выклікі.

Што канкрэтна раяць прадстаўнікі сінодаў БПЦ і РПЦ?

Трэба займацца прафілактыкай, праціраць лыжкі (лжыцы), якія выкарыстоўваюцца падчас прычасця, трэба заклікаць усіх не цалаваць Евангелле, іконы, рукі святарам. Інфармацыя на стэндзе дробным шрыфтам ёсць. Варта было на дзвярах царквы павесіць абвестку пра забарону цалаваць іконы. Бо на стэндзе дробнымі літарамі ніхто не чытае.

Як я разумею, няма абавязковай для выканання жорсткай інструкцыі для ўсіх прыходаў, што трэба рабіць, каб перадухіліць распаўсюд віруса?

Гэта праблема і Масквы таксама. Вы бачылі, што Патрыярх заклікаў зачыніць цэрквы, калі пачалася пандэмія. У самой Маскве не ўсе мітрапаліты падпарадкаваліся. Мір праваслаўны – не адзіны. І нават тыя інструкцыі, якія выпускае маскоўскі ці менскі сінод, розныя святары ўспрымаюць і выконваюць па–рознаму, а нехта наагул ігнаруе.

Айцец Уладзімір з Гомлі змагаецца за жорсткія захады бяспекі дзеля абароны здароўя вернікаў.
Фота: «Белсат»

Ці маюць святары сродкі абароны, калі робяць рытуалы па–за храмам?

Сінод выдаў вельмі падрабязную інструкцыю, калі святар едзе прычашчаць асобу з COVID, ён павінен апранаць СІА і выконваць яшчэ шэраг рэчаў дзеля бяспекі. А ў нас што? Я мушу, як і раней, хадзіць без сродкаў абароны. Напрыклад, мяне запрасілі на асвячэнне кватэры. Я ж ня ведаю, ёсць там інфікаваны каронавірусам ці няма. Ці ёсць там кантактныя ці асобы пнеўманіяй. Пасля гэтага візіту, у гэты ж дзень, у мяне можа быць недзе адпяванне і прычасце. І я магу сам разнесці інфекцыю. Я прапанаваў настаяцелю, адмяніць асвячэнне кватэр, ніхто ж не памрэ, калі не зрабіць гэтага! Ці адмяняем прычасце дома, ці забяспечце мяне абаронаю.

Пісьмова перадаў настаяцелю, папрасіў пісьмова ж мне адказаць, спаслаўся на адпаведную інструкцыю сіноду РПЦ. У вусным адказе мне паведамілі, што мы да гэтага дакументу не маем дачынення, што ён датычыць толькі Масквы… Я таксама настойваў, каб не адпявалі ў кватэрах. Уявіце сабе двухпакаёўку альбо маласямейку, дзе вокны як правіла закрытыя, народу шмат, і мы там дыхаем адным паветрам. Я прапанаваў, каб ехалі ў царкву. Прыкладна месяц таму епархія нашая гомельская забараніла адпяваць у будынку бажніцы, таму адпяваем на вуліцы.

Дробным почыркам пра буйныя праблемы, звязаныя з эпідэміяй.
Фота: «Белсат»

*На развітанне айцец Уладзімір выказаў асцярогу, што ён, будучы бацькам шасцярых дзяцей, можа згубіць працу праз сваю прынцыповую пазіцыю адносна прафілактыкі каронавірусу ў бажніцы. Ён яшчэ раз патлумачыў, што ягоная галоўная мэта – каб царква падчас пандэміі была бяспечным месцам для прыхаджанаў.

ЛШ Belsat.eu

Стужка навінаў