У глабальным рэйтынгу беларускі пашпарт цяпер вышэй на 5 пазіцыяў. Куды можна ехаць без візы?


Рэйтынг пашпартоў краінаў свету на 2018 год апублікавала кампанія Henley & Partners. Ён складаецца на падставе колькасці краінаў, куды ўладальнікі пашпарту могуць прыехаць без візы. Беларусь – на 65-м месцы.

Лідарам рэйтынгу пашпартоў нязменна з’яўляецца Нямеччына. Уладальнікі нямецкага пашпарту могуць наведаць без неабходнасці атрымліваць візу 177 краінаў. На другім месцы рэйтынгу-2018 знаходзіцца Сінгапур – 176 краінаў. Трэцяе месца падзялілі паміж сабой 8 краінаў, сярод іх Нарвегія, Вялікая Брытанія, Францыя, Швецыя, Японія, Фінляндыя, Італія і Данія – 175 межаў для іх адчыненыя.

Беларусь у параўнанні з 2017 годам паднялася ў сусветным рэйтынгу на пяць пазіцыяў – з 70-га месца на 65-е. Плюс чатыры безвізавых краіны для нас дадалося ў гэтым годзе, усяго – 71. Цяпер мы на адной пазіцыі з Казахстанам і Аманам.

Нашыя суседзі, Украіна і Расея, займаюць 44-е і 48-е месца адпаведна. Для ўкраінцаў адкрытыя 114 краінаў, для расейцаў – 110. Літва і Латвія дзеляць 12-е месца рэйтынгу, Польшча размясцілася на 14-м.

Скрыншот са справаздачы Henley & Partners на сайце henleyglobal.com

Ніжэйшае, 104-е месца ў рэйтынгу пашпартоў займае Афганістан – усяго 24 краіны, куды без візы можна прыехаць з афганскім пашпартам.

Спіс краінаў, куды беларусы могуць паехаць без візы

Азербайджан

Анцігуа і Барбуда (да 30 дзён)

Албанія (да 90 дзён у прыватных мэтах і для турызму, у перыяд з 1 чэрвеня да 15 лістапада)

Аргенціна (да 90 дзён)

Арменія

Барбадос (да 28 дзён)

Бангладэш

Бразілія (да 90 дзён)

Вануату (да 30 дзён)

Венесуэла (да 90 дзён)

В’етнам (да 15 дзён)

Гандурас (да 90 дзён пры наяўнасці сапраўдных шматразовых віз ЗША, Канады, краін Шэнгенскай зоны або віз Гватэмалы, Нікарагуа і Сальвадора)

Гаіці (да 90 дзён)

Гамбія (да 90 дзён)

Гвінея-Бісау

Грузія

Дамініка (да 21 дзён у мэтах турызму і пры наяўнасці зваротнага авіябілета)

Джыбуці

Замбія

Зімбабве

Ізраіль (да 90 дзён у кожны перыяд з 180 дзён)

Інданезія (да 30 дзён у мэтах турызму)

Іран

Іарданія

Ліван

Казахстан

Камбоджа

Каморскія выспы

Капа-Вэрдэ

Катар (да 30 дзён з магчымасцю дадатковага падаўжэння да 30 дзен і пры магчымасці ажыццяўлення шматразовых паездак; паўторны ўезд магчымы праз 60 дзен пасля выезду па заканчэнні пазначанага перыяду; тэрмін дзеяння пашпарта не павінен быць менш за 6 месяцаў да яго сканчэння на дзень уезду)

Кенія

Кітайская Народная Рэспубліка (для групавых турыстычных візітаў)

Куба (да 30 дзён)

Кыргызстан

Лаос

Мадагаскар

Мазамбік

Макаа, спецыяльны адміністрацыйны раён КНР (да 30 дзён)

Малайзія (да 30 дзён)

Малаві

Малдова

Мальдывы

Македонія (пры наяўнасці запрашэння/тэлеграмы,

накіравання або запрашэння ўстановы аховы здароўя на лячэнне, турыстычнага ваўчара, а таксама з мэтай наведвання месц пахаванняў; да 15 дзён пры наяўнасці сапраўднай шматразовай візы тыпу “С” краін Шэнгенскай зоны)

Мікранезія

Манголія (да 90 дзён)

Маўрытанія

Маурыціус

Мексіка (да 180 дзён у мэтах турызму, бізнесу, удзелу ў культурных спартыўных мерапрыемствах, для занятку дзейнасцю, за якую не належыць узнагарода, пры наяўнасці візы Канады, ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі або дзяржавы Шэнгенскай зоны, або дакумента, які пацвярджае сталае жыхарства ў адзначаных дзяржавах, або дакумента, які пацвярджае сталае жыхарства ў адной з краін Ціхаакіянскага альянсу)

Мікранезія (Федэратыўныя Штаты) (да 30 дзён)

Намібія (да 90 дзён)

Непал

Нікарагуа (да 90 дзён)

Палау (выспа)

Панама (да 180 дзён)

Перу (да 183 дзён у мэтах турызму)

Расія

Сальвадор (пры наяўнасці дазволу на пастаяннае ці часовае пражыванне ў Расіі, сапраўднай візы ЗША, Канады ці Шэнгенскай зоны)

Самоа (да 60 дзён пры наяўнасці зваротных білетаў і броні гатэля/ запрашэння)

Сейшэльскія выспы (да 90 дзён пры наяўнасці зваротнага білета і фінансавых гарантый)

Сент-Вінсент і Грэнадзіны (да 30 дзён)

Сербія (да 30 дзён)

Святой Елены выспа

Таджыкістан

Танзанія

Тога

Турцыя (да 30 дзён)

Тувалу

Узбекістан

Уганда

Украіна

Чарнагорыя (да 30 дзён пры наяўнасці запрашэння/турыстычнага ваўчара)

Шры-Ланка

Цімор

Эквадор (да 30 дзён)

Ямайка

*У спісе пазначаныя краіны, куды беларусы могуць ехаць без візы, або для беларусаў ёсць магчымасць атрымаць візу наўпрост у аэрапорце на месцы прызначэння.

У залік рэйтынгу Henley & Partners таксама трапілі краіны, якія не патрабуюць візы наагул, напрыклад, Ватыкан, куды трапіць можна толькі з тэрыторыі Італіі, або Абхазія, якая не з’яўляецца прызнанай дзяржавай. Акрамя таго, залічваліся аўтаномныя або заморскія тэрыторыі краінаў, што маюць той жа візавы рэжым, што і сама краіна.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў