У гарадзенскага дзіцячага госпісу забіраюць памяшканне


З Гарадзенскім дзіцячым госпісам імя Святога Губерта ў аднабаковым парадку скасавалі дамову аб арэндзе памяшкання. Пра гэта 22 кастрычніка даведалася дырэктарка госпісу Вольга Вялічка. Яна атрымала адпаведны ліст за подпісам намесніцы галоўнага ўрача Другой гарадзенскай дзіцячай паліклінікі Ірыны Голуб.

Папярэджанне ад неабходнасці вызваліць памяшканне госпісу

З ліста вынікае, што госпіс мусіць вызваліць памяшканне да 23 снежня гэтага году, бо плошча патрэбная паліклініцы для арганізацыі працы ў цяжкіх эпідэміялагічных умовах.

«Мы наагул нічога не разумеем, аб якіх складаных эпідэміялагічных сітуацыях можа ісці гаворка, калі паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя ў нас нязначны прырост па захварэлых у параўнанні з іншымі краінамі? Якія складаныя эпідсітуацыі прагназуе паліклініка ў снежні?» – здзіўляецца дырэктарка госпісу Вольга Вялічка.

Юрысты спрабуюць абскардзіць скасаванне дамовы арэнды, бо іншае памяшканняў для працы госпісу знайсці праблематычна. У 2019 годзе Вольга звярталася да гарадскіх уладаў з просьбаю выдаць ім памяшканне, аднак, улады гэтую просьбу не задаволілі.

Вобшук у дзіцячым госпісе

У госпіс у той жа дзень прыйшлі супрацоўнікі Упраўлення Дэпартаменту фінансавых расследаванняў, папрасілі супрацоўнікаў госпісу адчыніць усе пакоі, каб правесці агляд у межах праверкі ў дачыненні да кіраўніцтва і супрацоўнікаў госпісу па фактах заніжэння падаткаў і ўхілення ад аплаты сумаў падаткаў.

Пры госпісе валанцёры цалкам бясплатна шылі сродкі індывідуальнай абароны для лекараў пад час пандэміі. Месяц таму гарадскія ўлады забралі памяшканне для працы валанцёраў, якое яшчэ некалькі месяцаў таму самі ім выдалі паводле загаду гарадзенскага мэра Мечыслава Гоя. Калі госпіс згубіць асноўнае памяшканне, то ў арганізацыі застанецца толькі псіхалагічны цэнтр для бацькоў, пры адной з гарадзенскіх цэркваў.

Чым займаецца госпіс?

Адкрыццё Гарадзенскага Дзіцячага Госпісу. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Гарадзенскі дзіцячы госпіс імя Святога Губерта працуе ўжо 13 год. Зараз арганізацыя дапамагае каля 7 дзясяткам сем’яў з цяжкахворымі дзецьмі, у якіх анкалагічныя, генетычныя ці паталагічныя захворванні. Супрацоўнікі госпісу аказваюць медычную, псіхалагічную, сацыяльную дапамогу такім сем’ям.

Дырэктарка госпісу Вольга Вялічка кажа, што праблемаў з падаткаплатніцтвам не мае. Затое мае актыўную грамадзянскую пазіцыю. Напярэдадні яна была затрыманая падчас дваровай сустрэчы, правяла ноч у ІЧУ і атрымала штраф рашэннем суда.

АК, Belsat.eu

Стужка навінаў