У Ганконгу працаўнікоў авіякампаніі звольнілі за ўдзел у антыўрадавых пратэстах


Сотні жыхароў Ганконгу выйшлі на вулічны пратэст супраць авіякампаніі Cathay Airlines, якая звольніла экіпаж самалёту за ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях.

Ганконгская федэрацыя прафсаюзаў спачатку планавала пікетаваць галоўны офіс авіякампаніі ў аэрапорце Ганконгу, але пасля забароны паліцыі змяніла лакацыю на дзелавы цэнтр гораду, паведамляе Reuters.

Аэрапорт быў вымушаны зачыніцца два тыдні таму пасля таго, як пратэстоўцы цэлымі днямі пікетавалі залу прыбыццяў, перыядычна канфліктуючы з паліцыяй.

У выніку авіякампанія абвесціла пра намер звольніць 20 асобаў (пілотаў і чальцоў экіпажу) за ўдзел у гэтых пратэстах.

Каля 2 тысяч чалавек сабраліся ў сераду, каб выказацца «супраць тэрору ў дачыненні да працаўнікоў авіякампаніі».

  • Пратэсты ў Гон-Конгу распачаліся яшчэ ў чэрвені. На акцыі супраць паправак у закон аб экстрадыцыі ў Кітай выйшлі сотні тысячаў чалавек, для разгону дэманстрантаў сілавікі выкарыстоўвалі гумовыя кулі, дубінкі і пярцовы газ. 15 чэрвеня ўлады Гон-Конгу адклалі на нявызначаны тэрмін прыняцце паправак у закон аб экстрадыцыі, аднак у жніўні пратэсты аднавіліся, бо дэманстранты патрабуюць цалкам адмовіцца ад прыняцця гэтага закону. Пратэстоўцы таксама дамагаюцца адстаўкі кіраўніцы адміністрацыі Гон-Конгу Кэры Лам і незалежнага расследавання празмернага ўжывання сілы супраць удзельнікаў вулічных дэманстрацыяў. Жнівеньскія пратэсты суправаджаюцца жорсткімі сутычкамі з сілавікамі, паліцыя зноў ужывае спецсродкі.
  • Закон аб экстрадыцыі дазволіць экстрадаваць жыхароў гораду нават у тыя краіны, з якімі ў Гон-Конгу няма пра гэта дагавора, у тым ліку ў мацерыковую частку Кітая. Сярод экстрадаваных апынуцца ўцекачы з мацерыка, якія крытыкуюць кітайскія ўлады і якія хаваюцца ад пераследу ў Гон-Конгу. Крытыкі папраўкі лічаць, што ў кітайскай судовай сістэме права людзей, якіх экстрадуюць, апынуцца неабароненымі, а сам Гон-Конг страціць сур’ёзную долю аўтаноміі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў