У Ганконгу амаль мільён асобаў выйшлі на акцыю пратэсту


У Ганконгу адбылася найбуйнейшая акцыя пратэсту з-за прапанаваных зменаў заканадаўства аб экстрадыцыі ў мацерыковы Кітай. Кітайскія дзяржаўныя медыі ўсклалі віну на «вонкавыя сілы», якія спрабуюць «нашкодзіць Кітаю», паведамляе БІ-БІ-СІ.

Пратэсты сталі, верагодна, самымі масавымі з 1997 года, калі Брытанія вярнула горад пад суверэнітэт Кітаю. Арганізатары лічаць, што вуліцы выйшла звыш мільёну чалавек. Паліцыя – 240 тысячаў.

Нагодай для пратэстаў сталі змены ў заканадаўства, якія рэгулююць экстрадыцыю з аўтаномнага раёну людзей, абвінавачаных у злачынствах уладамі іншых краінаў. Калі папраўку прымуць, жыхароў гораду змогуць экстрадаваць нават у тыя краіны, з якімі ў Ганконгу няма пра гэта дамовы, у тым ліку ў Тайвань, Макао і мацерыковую частку Кітая.

Крытыкі папраўкі лічаць, што яна забярэ ў Ганконгу сур’ёзную долю аўтаноміі, і асцерагаюцца, што ў кітайскай судовай сістэме права экстрадаваных апынуцца неабароненымі. У цяперашні час падазраваных з Ганконгу ў мацерыковы Кітай не экстрадуюць.

У нядзелю людзі выйшлі на знак пратэсту па вуліцах гораду ў белай вопратцы. Пад канец шэсця пачаліся сутыкненні з паліцыяй.

Сутыкнення былі лакальнымі і не перараслі ў масавыя. Пратэстоўцы спрабавалі прабрацца ў будынак заканадаўчага сходу.

Паліцыянты ўжылі газавыя балончыкі і дубінкі. Па меншай меры тры паліцэйскія і журналіст пацярпелі, паведамілі ў паліцыі.

Асаблівы адміністрацыйны раён Ганконг – былая брытанская калонія, якая пасля вяртання Кітаю ў 1997 годзе мае аўтаномны статус і кіруецца па прынцыпе «адна краіна – дзве сістэмы».

Ганконг мае свае законы, правы і свабоды яго жыхароў абаронены лепш, чым у мацерыковым Кітаі.

Ганконг мае пагадненні аб экстрадыцыі з 20 краінамі, у тым ліку ЗША і Брытанію, але не з Кітаем. Перамовы па гэтым пытанні паміж Ганконгам і мацерыковым Кітаем працягваюцца каля 20 гадоў.

Hавiны
З 13 лютага беларусы змогуць наведваць Ганконг без візы
2018.01.19 13:57

СК belsat.eu

Стужка навінаў