У Галоўчыцах на Гомельшчыне знеслі фальваркавыя пабудовы палацу Горватаў


У спісах помнікаў фігураваў палац, а прылягаючыя будынкі – не.

Трывогу пачалі біць мясцовыя краязнаўцы, але было ўжо запозна – некалькі фальваркавых будынкаў ХІХ ст. зніклі пад каўшамі экскаватараў яшчэ ўвесну. Ад палацава-паркавага комплексу на засталася адно рэзідэнцыя Горватаў, дзе цяпер месціцца фельчарска-акушэрскі пункт, ды ўязная брама.

Сам палац будаваўся пры Станіслае Горваце, які, дарэчы, быў адзначаны ў свой час медалём за «падаўленне польскага паўстання» (Паўстання Каліноўскага 1863 году – заўвага belsat.eu). Ён жа на працягу 10 год з’яўляўся маршалкам Рэчыцкага павету. Апошні з Горватаў, таксама Станіслаў, з’ехаў разам з сям’ёй у Варшаву ў 1917 годзе. Так комплекс перайшоў у «народнае» уладаранне.

«Стаяла прыгажосць 150 год, пакуль дурню не ўздумалася…»

Апошнім часам комплекс некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі: спачатку лічыўся на балансе райвыканкаму, пасля перайшоў да сельгаспрадпрыемства «Уладзіміраўскі-Галоўчыцы». Там менавіта і было вырашана, што закінутыя на той момант фальваркавыя пабудовы варта знесці.

Віктар Захаранка, галоўны ідэолаг пры Нараўлянскім райвыканкаме, патлумачыў мясцовым краязнаўцам на грамадскім сходзе напярэдадні зносу, што ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны трапіў толькі палац ды брама. Усе ж гаспадарчыя пабудовы законам аб спадчыне не ахоўваюцца.

«Больш за ўсё здзіўляе тое, што стаяла прыгажосць больш за 150 гадоў, а тут нейкаму дурню ўздумалася зносіць. Ды і не для справы якой-небудзь а проста ад нуды, таму што заняткаў больш няма. Як падумаеш дык казаць нічога і не хочацца… мову адымае», – дзеліцца ўражаннямі Зміцер, мясцовы краязнавец.

«Трэба было збіраць дакументы, а цяпер – позна шашкай махаць»

Больш узважана і прагматычна да пытання ставіцца старшыня Таварыства Аховы Помнікаў Антон Астаповіч.

«Наша заканадаўства ў плане спадчыны вельмі гнуткае. Трэба было краязнаўцам раней парупіцца ды падаць дакуманты аб уключэнні фальваркавых пабудоваў у спісы гісторыка-архітэктурнай спадчыны. А цяпер – позна шашкай махаць…», – тлумачыць Астаповіч.

Эксперт таксама зазначыў, што зносіць старыя будынкі, не ўключаныя ні ў якія спісы спадчыны – гэта нармальная практыка ва ўсім свеце. Іншая справа, што для Еўропы гэта можа быць не так балюча з-за вялікага аб’ёму старой архітэктуры. Для Беларусі ж кожны чарговы знесены стары будынак – балючая рана.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў