У Польшчы затрыманы суўладальнік гандлёвага цэнтру «Зімовая вішня»


Вячаслава Вішнеўскага, экс-гендырэктара ААТ «Кемераўскі кандытарскі камбінат», які хаваўся ад следства, затрымалі ў Польшчы, паведамляе Следчы камітэт Расеі (СКР) на афіцыйным канале ў «YouTube’е». Паводле інфармацыі belsat.eu, затрыманне адбылося яшчэ 6 сакавіка, распавёў адвакат Дзмітрый Малінін, які рэпрэзентоўвае інтарэсы пацярпелых пасля трагедыі ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня».

Следства абвінавачвае Вішнеўскага ў хабарніцтве. Паводле праваахоўнікаў у 2013-2014 гадах Вішнеўскі з удзелам пасярэднікаў даў хабар у памеры 7 мільёнаў рублёў (каля 110 тысячаў долараў) начальніку інспекцыі буднагляду Кемераўскай вобласці. Вішнеўскага раней арыштавалі судом завочна і абвесцілі ў міжнародны вышук, бо яшчэ ў 2016 годзе ён пакінуў Расею і схаваўся ў Іспаніі. Цяпер вырашаецца пытанне пра экстрадыцыю Вішнеўскага ў Расею.

Адвакат Дзмітрый Малінін, які рэпрэзентоўвае інтарэсы пацярпелых. Фота Раман Янчанка

У відэасюжэце Следчага Камітэту падрабязна падводзяцца вынікі расследавання за год.

«Безліч парушэнняў падчас будаўніцтва, грэбаванне элементарнымі супрацьпажарнымі нормамі, непрацуючая сістэма пажаратушэння – уладальнікі комплексу ў пагоні за прыбыткам спрабавалі ўсюды, дзе магчыма, скараціць выдаткі. І ў першую чаргу эканомілі на бяспецы людзей. Мелі месца сумнеўныя акты праверак, будаўнічыя праекты, якія не выконваліся, дакладныя, якія нікуды не адпраўляліся», – адзначаецца ў відэасюжэце.

Агульны аб’ём матэрыялаў следства склаў больш за 800 тамоў. Пацярпелымі па справе прызнаныя больш за 450 чалавек, з іх 83 – сваякі загінулых у агні.

Следчыя ў межах трох крымінальных спраў прыцягнулі да адказнасці 15 асобаў. У залежнасці ад ролі кожнага, следства агучвае ім такія злачынствы, як парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі, аказанне паслугаў, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі, атрыманне і дача хабару, пасрэдніцтва ў хабарніцтве, халатнасць, марнатраўства, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, махлярства.

СК пакуль не агучвае прычыну пажару. Але раней эксперты паведамлялі, што да ўзгарання магло прывесці кароткае замыканне ў асвятленні над дзіцячым сухім басейнам.

Пажар у чатырохпавярховым гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» у Кемерава адбыўся 25 сакавіка 2018 года. Крыніца ўзгарання знаходзілася на верхнім паверсе, дзе размяшчалася некалькі кіназалаў і дзіцячыя гульнявыя зоны з атракцыёнамі. У выніку трагедыі загінулі 60 асобаў, сярод якіх было 37 дзяцей. Яшчэ 79 чалавек атрымалі траўмы.

Hавiны
Абвінавачаны па справе пажару ў Кемерава спрабаваў забіць сябе
2018.08.09 09:02

СК belsat.eu

Стужка навінаў