«У ФСБ не маглі не ведаць». Забойства Барыса Нямцова – вачыма паліцыянта


Мы сабралі фота- і відэаматэрыялы па забойству Нямцова, што ёсць у вольным доступе, папрасілі прафесіянала прааналізаваць іх ды пракаментаваць хаду следства. Наш эксперт – Анджэй Мрочэк, з Цэнтру даследавання тэрарызму («Collegium Civitas», Варшава), былы дэтэктыў аддзелу па барацьбе з крымінальным тэрорам і забойствамі.

Таямніца сачэння

Расследаванне забойства Барыса Нямцова цяжка назваць галосным і адкрытым. Зрэшты, у любой краіне ўцечкі інфармацыі падчас расследавання гучных справаў – форс-мажор, які можа зашкодзіць следству. Але і залішняя закрытасць нараджае шмат пытанняў і сумневаў. Акурат, як у справе Нямцова.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Былы паліцыянт з аддзелу расследавання забойстваў і крымінальнага тэрору Анджэй Мрочэк мяркуе, што адзін з аспектаў справы Нямцова, які трэба браць пад увагу – уласна асоба палітыка. Гэта не шараговы грамадзянін і не мафіёзі, які можа пацярпець ад рук свайго атачэння. Як бы следчыя і прапаганда не намагаліся пераканаць у тым, што гэта было забойства на рэлігійнай глебе, а значыць, не мела замоўнікаў, тое, што здарылася, мае прыкметы спецаперацыі, якую здзейснілі, як мінімум, з ведама расейскіх спецслужбаў. А то і з непасрэдным удзелам.

«Не падлягае дыскусіі тое, што такая асоба, як апазіцыянер Нямцоў, ды яшчэ за дзень перад мітынгам пратэсту ў цэнтры Масквы, знаходзілася пад сталым наглядам спецслужбаў, – перакананы Анджэй Мрочэк. – За ім мусілі ісці спецслужбоўцы. І яны мусілі бачыць выканаўцу забойства».

Колькі групаў сачылі за Нямцовым?

Калі дапусціць, што за забойствам Нямцова стаіць група ў той ці іншай ступені «незалежная» ад ФСБ, уражвае, з якой упэўненасцю і дакладнасцю было здзейсненае гэтае злачынства. У Анджэя Мрочэка няма сумневаў, што забойцы праслухоўвалі тэлефон ахвяры.

– Яны мусілі ведаць, дзе ён знаходзіцца і ў якім кірунку будзе рухацца. Бо пасля выступу на радыё ён мог і на таксі паехаць дадому. Забойцы сачылі за Нямцовым і ягонай спадарожніцай не пазней за момант, калі тыя былі ў рэстарацыі. Адпаведны відэазапіс з гандлёвага цэнтру, дзе яна месціцца, напэўна выхапіў бы гэтых асобаў.

Забойцы мусілі ведаць, калі яны выходзяць і што робяць: сядаюць у таксі ці ідуць пешшу. І ў гэты момант выканаўцы мусяць раздзяліцца. Калі яны пабачылі, што Нямцоў ідзе пешшу, то двое ці адзін мусяць ісці за ім, а рэшта застаецца ў машыне. Яны мусілі прадугледзець варыянт, калі Нямцоў вяртаецца дадому на таксі. Тады паехалі б за ім і забілі ў іншым месцы.

Але за Нямцовым мусіла сачыць і іншая група – ад ФСБ. Яна не магла не заўважыць, што за іхным «аб’ектам» назірае хтосьці яшчэ.

– Што, паводле стандартаў, павінны зрабіць працаўнікі спецслужбаў у такім выпадку?

– Абавязкова паведаміць у цэнтр, каардынатарам. Тыя прымаюць захады па ідэнтыфікацыі ды нейтралізацыі другой групы. Гэта можа быць затрыманне, можа быць спраўджанне дакументаў у гэтых трэціх асобаў. У такой сферы не можа быць «канкурэнцыі».

Іншая справа, калі назіранне «канкурэнтаў» адбываецца са згоды ФСБ, ці з дапамогаю спецслужбаў.

Шырока заплюшчаныя вочы ФСБ

 

Месца забойства – фактычна пад сценамі Крамля

Расейскія медыі паведамляюць, што за Нямцовым у дзень забойства сачылі ад самай раніцы і гэтая інфармацыя выглядае праўдападобна. Нямцоў – адзін з самых вядомых апазіцыянераў, а наперадзе – масавая акцыя пратэсту. Праслухоўванне тэлефона – гэта «стандарт» для спецслужбаў. Зрэшты і стандарты сачэння ва ўсіх спецслужбах падобныя.

– Паводле стандартаў, у сачэнні за Нямцовым у той дзень мусілі быць задзейнічаныя некалькі асобаў. Калі браць «мінімум», то гэта: адна асоба, што ідзе непасрэдна за фігурантам. Трошку далей – яшчэ дзве асобы, кожная з іх перыядычна замяняецца з першаю. У той час гэтыя спецслужбоўцы мусілі быць на мосце разам з Нямцовым і прынамсі «асоба № 1» мелася бачыць момант забойства і забойцу. Таксама павінна быць машына суправаджэння з кіроўцам і двума працаўнікамі спецслужбаў – на выпадак, калі б Нямцоў сеў у таксі, або калі трэба было б замяніць тых, хто ідзе пешшу. І яшчэ адзін агент мог бы быць на другім баку дарогі, бо, паводле правілаў, эфектыўнае сачэнне мае быць «перакросным» – мінімум з двух розных кропак. Так выглядае тактыка.

На відэа з аўтарэгістратара бачна постаці мінакоў, што ішлі за Нямцовым. Гэта, хутчэй за ўсё, былі агенты ФСБ. (ад 00:39 на відэа)

– Калі яны бачылі, што ў Нямцова стралялі, то што мусілі зрабіць? Пераследаваць злачынцу? Што могуць казаць інструкцыі на гэты конт?

– Падчас негалоснага сачэння галоўная функцыя – назіранне. Аднак у такой сітуацыі трэба не толькі паведамляць пра тое, што адбываецца. Адзін з працаўнікоў мусіў падбегчы да Нямцова, аказаць яму першую медычную дапамогу. Іншыя мусілі спрабаваць затрымаць ці пераследаваць забойцу. Таксама і тыя, што былі ў машыне. Я падкрэсліваю: нягледзячы на тое, што гэта было тайнае назіранне, яны мусілі ўмяшацца.

Як вядома, «па гарачых слядах» забойцаў не схапілі. Значыць, або група ФСБ атрымала загад не ўмешвацца, або… яе проста не было. ФСБ маглі б на час «спецаперацыі» зняць назіранне за Нямцовым. І такое рашэнне мусіла быць скаардынаванае з забойцамі.

Анджэй Мрочэк звяртае ўвагу і на месца, дзе забілі Нямцова: «Гэты квартал ля самага Крамля мае быць насычаны паліцыяй і спецслужбамі, у тым ліку агентамі ў цывільным. Напярэдадні масавай апазіцыйнай акцыі фактычна ў цэнтры сталіцы, гэтыя службы пераводзяцца ва ўзмоцнены варыянт нясення службы. Яшчэ да масавай акцыі яны прыглядаюцца да магчымых падазроных дзеянняў і з’яваў, асабліва ўночы. Тое, што момант забойства «не заўважылі», забойцы уцяклі, а паліцыя прыбыла на месца праз 10 хвілінаў – нонсенс».

Самая невыпадковая выпадковасць

– Паводле майго следчага досведу, падчас «вядзення» фігуранта выкарыстоўваюцца рознага кшталту маскіровачныя захады. Сачыць за фігурантам можа хто заўгодна – закаханая парачка, дворнікі, жанчына з дзіцячым вазком. А таму немагчыма не звярнуць увагу на снегаўборачную машыну, якая «выпадкова» з’явілася на месца і ў момант забойства. Канешне, заўсёды ёсць верагоднасць таго, што яна там з’явілася акурат у гэты час выпадкова. Але я ў такія выпадковасці не веру. Службы бяспекі ў сваіх дзеяннях часта выкарыстоўваюць такі від «камуфляжу», каб не выклікаць падазрэнняў. Гэтай машынай мог кіраваць хтосьці са службаў бяспекі.

Багацце «выпадковасцяў» гаворыць пра складанасць і высокі ўзровень арганізацыі ды каардынацыі забойцаў. Снегаўборачная машына-пыласос выязджае на дарогу, калі снегу няма і ўключае абсталяванне, што заглушае стрэлы. Яна закрывае сцэну забойства ад відэакамераў. І гэта толькі частка «выпадковасцяў», што выклікаюць сумневы ў нашага эксперта.

– Калі ўборачнае абсталяванне на машыне было ўключанае, то кіроўца не быў у стане пачуць стрэлы ці крык. Чаму ён спыніўся? Пабачыў у люстэрка, што хтосьці ляжыць на зямлі? Калі ён прыбіраў дарогу, то мусіў канцэнтравацца на тым, што адбываецца ўпераду машыны. А калі падбегла Дурыцкая і прасіла дапамогі, чаму ён толькі выклікаў паліцыю і паехаў, быццам нічога не здарылася, далей?

Чалавек, якога расейскія дзяржаўныя медыі называюць кіроўцам спецмашыны, пасля допыту дае кароткае інтэрвю, звальняецца з працы і з’язджае. Ягоныя калегі гавораць, што працуюць у Маскве «вахтавым метадам»: два тыдні ў сваім горадзе і два тыдні ў сталіцы. Сяброўскіх дачыненняў не падтрымліваюць.

«Страляў прафесіянал»

Нямцова застрэлілі ва ўпор. Расейскае тэлебачанне выдала візуалізацыю сцэны забойства, на думку Анджэя Мрочэка, можа супадаць з сапраўднымі падзеямі. Забойца падымаецца на мост, размінаецца з Нямцовым, разварочваецца і страляе. Потым сядае ў аўта і з’язджае.

– Калі б страляла непадрыхтаваная асоба, непрафесіянал, то ў такіх умовах немагчыма, каб не была параненая спадарожніца Нямцова. Нават асоба, якая раней мела дачыненне са зброяй, але не з’яўляецца прафесіяналам, не можа гэтага зрабіць. Бо мусіць дзейнічаць хутка, пад уздзеяннем стрэсу. Забойца сканцэнтраваны на тым каб як мага хутчэй зрабіць стрэлы і як мага хутчэй пакінуць месца злачынства.

[vc_single_image image=”12″ img_size=”large”]

– Па ўваходных ранах ад куль мы можам сцвердзіць з якой пазіцыі стралялі і якога росту быў выканаўца. Немагчыма памыліцца, дзе страляў забойца ростам 165 см, а дзе – 185. Што да ўласна цела і месца здарэння – мяне вельмі цікавіць, чаму цела так хутка адтуль забралі?

Ужо праз гадзіну цела вывезлі, змылі кроў і скончылі агляд. Гэта выходзіць па-за стандарты, калі гаворка ідзе пра агляд месца здарэння. Такія стандарты ў Польшчы ды іншых краінах, дзе прафесійна падыходзяць да расследавання такіх справаў – аднолькавыя. Гадзіна – гэта замала, каб зрабіць дакладны агляд цела і месца забойства.

 

– Звярніце ўвагу: на месцы здарэння знаходзяцца асобы без адмысловых бахілаў на ботах. Такія бахілы патрэбныя для агляду, бо, напрыклад, гільзы могуць быць вынесеныя (свядома або не) на падэшвах, паміж пратэктарамі. Такія выпадкі вядомыя.

Фотаздымкі і відэа з целам забітага не дазваляюць зрабіць дакладны аналіз характару ранаў.

– Пры забойствах такога тыпу нельга выключаць, што аднаго забойцу «падстрахоўвае» іншы. Стрэлы могуць быць яшчэ і з іншага месца. Напрыклад, як гэта было з забойствам Кенэдзі, дзе быў адзін забойца, а таксама другі. Усе бачаць першага забойцу, але забойчыя стрэлы могуць быць зробленыя і з адлегласці 100-350 метраў са снайперскай вінтоўкі. Але ў гэтай сітуацыі адназначныя высновы маюць зрабіць судмедэксперты, што даследуюць цела.

Кадыраўскі след

[vc_single_image image=”16″ img_size=”large”]

Анджэй Мрочэк адкідае рэлігійныя версіі матываў забойства.

– Гэтае злачынства сапраўды маглі здзейсніць нарадзінцы Чачэніі, але зусім не з рэлігійных прычынаў. У Чачэніі не той узровень радыкалізму. А калі забойца – сапраўды былы спецназавец Кадырава, то не веру, што Кадыраў яго не кантраляваў. Як і не веру ў тое, што група Кадырава магла дэманстратыўна забіць апазіцыянера ля сценаў Крамля без ведама маскоўскіх спецслужбаў. Любы іншы забойца, не звязаны са службамі, не рызыкнуў бы забіць у такім месцы, насычаным паліцыяй і агентамі. «Выпадковы» забойца чакаў бы ля пад’езда.

Неабавязкова меўся быць і наўпроставы загад з Крамля – забіць Нямцова. Дастаткова і фразы, маўляў, больш не можам цярпець Нямцова. На што Кадыраў мог бы адказаць, што ён гэтым зоймецца. І канец. Але гэтага мы не даведаемся ніколі, толькі калі Кадыраў сам у гэтым прызнаецца. Бо нават выканаўцы могуць не ведаць, адкуль сыходзіў першасны загад.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў