У Францыі затрымалі Нікаля Сарказі 


Былы прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі затрыманы па справе аб фінансаванні ягонай выбарчай кампаніі 2007 года, паведамляе «Le Monde».

Раніцай 20 сакавіка Сарказі прыйшоў на допыт па гэтай справе ў крымінальную паліцыю французскага Нантэра (адзін з найбуйнейшых прыгарадаў Парыжа), дзе быў узяты пад варту.

У праваахоўных органаў ёсць 48 гадзін, каб вызначыцца з мерай стрымання ў дачыненні да былога прэзідэнта.

Нікаля Сарказі быў прэзідэнтам Францыі з 2007 па 2012 год. На выбарах у 2012 годзе ён прайграў кандыдату ад Сацыялістычнай партыі Франсуа Алянду.

У 2011 годзе сын былога лідара Лівіі Муамара Кадафі Саіф-аль-Іслам заявіў, што ягоны бацька быў спонсарам выбарчай кампаніі Сарказі, выдаткаваўшы на яе больш за € 50 млн. У сакавіку 2012 года выданне «Mediapart» апублікавала дакументы пра сувязі Кадафі з Сарказі. Прэзідэнт назваў іх фальшыўкай.

€ 50 млн на перадвыбарчую кампанію Сарказі нібыта адмылі праз панамскія і швейцарскія банкаўскія рахункі сястры прыхільніка экс-прэзідэнта.

Нікаля Сарказі і Муамар Кадафі ў Трыпалі (сталіца Лівіі). 25 ліпеня 2007 г. Фота: REUTERS/Pascal Rossignol

У 2011 годзе ў Лівіі пачаліся пратэсты, якія перараслі ў грамадзянскую вайну. Узброены канфлікт скончыўся перамогаю паўстанцаў (падтрымліваліся ЗША, ЕЗ і Лігай арабскіх дзяржаў). 20 кастрычніка 2011 года паўстанцы ўзялі ў палон кіраўніка Лівіі Муамара Кадафі, а пазней забілі яго. Кадафі кіраваў Лівіяй з 1969 года.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары