У Францыі нападнік вызваліў усіх закладнікаў, ён арыштаваны


Фота Le Figaro

Французская паліцыя арыштавала ўзброенага мужчыну, які напярэдадні захапіў чатырох закладнікаў у прыгарадзе Тулузы, паведамляе Le Figaro.

Мужчына захапіў закладнікаў а 16:20 у невялікай краме ў горадзе Бланьяк, недалёк ад аэрапорту Тулузы. Пазней стала вядома, што ўсе захопленыя – жанчыны.

Прыкладна праз тры гадзіны нападнік вызваліў адну жанчыну, яшчэ праз гадзіну адпусціў астатніх. Ніхто з закладніц не пацярпеў.

Пры гэтым паліцыі ўдалося арыштаваць мужчыну толькі бліжэй да поўначы. Паводле дадзеных праваахоўнікаў, затрыманы малады чалавек 17 гадоў. Раней ён ужо праходзіў па справах, звязаных з гвалтам і крадзяжамі.

Паводле словаў пракурора Тулузы, падазраваны ў снежні ўдзельнічаў у дэманстрацыі «жоўтых камізэлек», падчас якой быў арыштаваны.

Матывы нападніка пакуль высвятляюцца, але паліцыя не разглядае падзеі ў Бланьяку як тэрарыстычны інцыдэнт.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары