У Францыі адбыліся канчатковыя тэледэбаты кандыдатаў у прэзідэнты


Французы абяруць новага прэзідэнта краіны ўжо ў гэтую нядзелю. У другі тур галасавання выйшла прадстаўніца нацыяналістычнага руху Марын Ле Пэн і ліберал Эмануэль Макрон. Увечары ў сераду два кандыдаты сустрэліся ў тэледэбатах у прамым эфіры французскага тэлебачання.

Атмасфера ў Францыі напярэдадні канчатковага галасавання за прэзідэнта напружаная. У такім жа кантэксце прайшлі традыцыйныя тэледэбаты паміж Марын Ле Пэн і Эмануэлем Макронам. Ле Пэн тлумачыла суперніку, што глабалізацыя і адкрытасць, якія ён падтрымлівае, зʼяўляюцца «дзікімі і небяспечнымі». Яна выказалася таксама пра тое, што Макрон ідзе на павадку палітыкі нямецкага канцлера Ангелы Мэркель і яе бачання Еўропы. Макрон не спыняўся абвінавачваць Ле Пэн у «нянавісці» і «хлусні», а таксама ў тым, што яна «не ведае сама сваёй праграмы».

Паводле апытаных гледачоў пасля дэбатаў, 63 % лічаць, што Макрон быў больш пераканальны ў гэтых дэбатах, і толькі 34 % тое ж самае кажуць пра Ле Пэн.

Гэтыя лічбы вельмі падобныя на папярэднія прагнозы да другога тура выбараў – каля 60 % выбарцаў падтрымліваюць цэнтрыста Макрона.

Праграмы двух кандыдатаў зʼяўляюцца антыподамі. Эммануэля Макрона, ліберала ў эканоміцы і сацыяльных пытаннях, падтрымліваюць, у асноўным, гарадская моладзь, сярэдні клас, а таксама бізнесоўцы. Марын Ле Пэн, настроеная супраць іміграцыі, супраць агульных межаў Францыі з Еўропай і супраць існуючай сацыяльнай сістэмы, знаходзіць падтрымку сярод жыхароў маленькіх гарадоў, фермераў, «дна грамадства», а таксама сярод тых, каго закранула беспрацоўе і яго наступствы.

Часопіс «Le Monde» даў гэтым дэбатам адзнаку «брутальных, жорсткіх ад пачатку і да канца», але па сутнасці праграм «дагэтуль нічога не зразумела».

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў