У Еўропе асудзілі чарговы смяротны прысуд у Беларусі


Еўразвяз і Рада Еўропы зноў заклікалі Менск увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Заявы былі зробленыя ў сувязі з вынясеннем смяротнага выраку ў дачыненні 50-гадовага Віктара Паўлава, якога прызналі вінаватым у забойстве дзвюх пенсіянерак у вёсцы Прысушына напярэдадні новага 2019 года.

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвяза па замежных справах і палітыцы бяспекі Мая Кацыянчыч адзначыла, што ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне было б станоўчым першым крокам на шляху да яго адмены ў Беларусі. Паводле яе, «рэальныя крокі ў выкананні правоў чалавека застаюцца ключавымі для фармавання будучай палітыкі Еўразвязу ў дачыненні Беларусі».

У заяве Кацыянчыч адзначаецца, што ЕЗ выказвае спачуванне сваякам загінулых у выніку злачынства Віктара Паўлава. Але падкрэсліваецца, што смяротнае пакаранне нельга выкарыстоўваць у любым выпадку.

«Беларусь – адзіная краіна ва ўсёй Еўропе, якая ўсё яшчэ расстрэльвае людзей. Смяротнае пакаранне не служыць сродкам стрымлівання злачынстваў, і любыя памылкі становяцца незваротнымі», – кажа вярхоўная прадстаўніца Еўразвяза.

Афіцыйны прадстаўнік генеральнага сакратара Рады Еўропы Даньель Гольтген таксама асудзіў новы смяротны вырак у Беларусі.

«Смерць – гэта не справядлівасць. Мы яшчэ раз заклікаем улады ўвесці мараторый на прымяненне смяротнага пакарання як першы крок да яго адмены», – адзначаецца ў заяве.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў