У Ерэване разганяюць дэманстрантаў. Паліцыя ўжыла шумавыя гранаты

ВІДЭА

Паліцыянт трымае твар удзельніка дэманстрацыі супраць абрання Сэржа Саргсьяна прэм’ерам краіны. 21 красавіка 2018 года. Ерэван, Арменія. Фота – Vahram Baghdasaryan/Photolure/Reuters/Forum

Паліцыя затрымала дэпутата Нацыянальнага сходу Армэніі, які ўзначаліў пратэст.

Апазіцыянер Нікол Пашыньян, які стаў на чале пратэставага руху супраць абрання Сэржа Саргсьяна прэм’ерам краіны, быў затрыманы на вуліцы Арцаха ў Ерэване падчас шэсця.

Паліцыя ўжыла шумавыя гранаты для стрымлівання дэманстрантаў.

А пасля пачала разганяць акцыю пратэсту і затрымліваць яе ўдзельнікаў з ужываннем сілы.

Паліцыянты затрымалі таксама апазіцыйных дэпутатаў Сасуна Мікаэляна і Арарата Мірзаяна.

Паводле афіцыйных звестак, армянскія праваахоўнікі затрымалі 192 асобы.

Саргсьян адмовіўся абмяркоўваць сваю адстаўку

Прэм’ер-міністр Арменіі Сэрж Саргсьян і дэпутат Нацыянальнага сходу Арменіі падчас нядзельнай сустрэчы. Яна цягнулася тры хвіліны. Фота – Vahram Baghdasaryan/Photolure/Reuters/Forum

Сёння раніцай ў ерэванскай гасцініцы «Арменія Мар’ёт» у прысутнасці журналістаў павінныя былі адбыцца перамовы паміж новаабраным прэм’ерам і лідарам пратэсту. Праз тры хвіліны пасля іх пачатку Саргсьян сказаў, што гэта не перамовы.

«Гэта не дыялог: а ультыматум, шантаж дзяржавы і а законных уладаў», – заявіў Саргсьян.

Запіс гэтага спаткання апублікавала «Настоящее время».

Сэрж Саргсьян быў прэзідэнтам Арменіі з 2008 года. Сёлета скончыўся ягоны другі, апошні, тэрмін. У аўторак парламент абраў Саргсьяна прэм’ерам.

Згодна са зменамі ў Канстытуцыі, якія былі прынятыя пасля рэферэндуму ў 2015 годзе, цяпер прэм’ер-міністр мае вялікую ўладу ў Арменіі, пасада прэзідэнта стала ў значнай ступені цырыманіяльнай.

Пратэсты ў Арменіі цягнуцца з канца мінулага тыдня.

ДД

Глядзі таксама
Каментары