У Екацярынбургу паліцыянты застрэлілі чалавека за крадзеж шпалераў


31 траўня паліцыянты ў Екацярынбургу застрэлілі мужчыну, які скраў з крамы чатыры рулоны шпалераў. У трэнды расейскага Тўітэру выйшаў хэштэг #RussianLivesMatter, паведамляе Meduza.

Гэты хэштэг азначае «Жыцці рускіх маюць значэнне» – па аналогіі з амерыканскім #BlackLivesMatter, які стаў галоўным лозунгам травеньскіх расавых пратэстаў у ЗША, што ўспыхнулі пасля забойства чарнаскурага мужчыны і перараслі ў беспарадкі.

#RussianLivesMatter запусціў чалец Лібертарыянскай партыі Міхаіл Светаў. Ён дадаў хэштэг да навіны пра забойства жыхара Екацярынбурга байцамі Расгвардыі. Пасля людзі ў сеціве пачалі абмяркоўваць паліцэйскі гвалт і катаванні ў турмах Расеі. Рух «Грамадзянская супольнасць» абвясціў аб пікетах супраць паліцэйскага гвалту.

Жыхар Екацярынбургу скраў чатыры рулоны шпалераў на суму 8 тысяч рублёў. Працаўнікі крамы спрабавалі дагнаць яго, аднак той прыгразіў нажом. Паліцыянтам, што прыехалі да яго дамоў, ён не адчыніў дзверы. Падазраванага спрабавалі затрымаць праз некалькі гадзін, але ён пырснуў у твар паліцыянтам газам з пярцовага балончыку.

Паводле мясцовых СМІ, уначы Расгвардыя пачала штурм кватэры, а гаспадар нібыта ўзяў нож і нават распачаў страляніну. Ён быў забіты сілавікамі, у кватэры канфіскавалі два нажы, арбалет, газавы балончык і прадмет, падобны да аўтамату. Распачатая крымінальная справа аб разбоі.

Бацька 27-гадовага забітага, якога звалі Уладзімір, распавёў выданню e1.ru сваю версію падзеяў. Паводле яго слоў, сын запэўніў яго, што заплаціў за шпалеры і не пагражаў супрацоўнікам крамы нажом. Паліцыі ж ён не адкрыў, таму што спалохаўся турмы. Падчас штурму Уладзімір выйшаў у калідор з нажом для рэзкі шпалер, а ягоны бацька, які знаходзіўся ў іншым памяшканні, пачуў страляніну. Калі ён выглянуў у калідор, сын ляжаў на падлозе паранены і неўзабаве памёр. Расгвардзейцы патлумачылі бацьку, што ён выкарыстаў пярцовы балончык.

КА belsat.eu

Стужка навінаў