У Дзяржынскім раёне супрацоўнік ДАІ страляў па аўтамабілю з 17-гадовым кіроўцам


Супрацоўнікам ДАІ прыйшлося ўжыць зброю для спынення непаўналетняга парушальніка ў Дзяржынскім раёне.

Паводле УДАІ УУС Менаблвыканкаму, нарад ДПС у аграгарадку Негарэлае ўвечары 17 снежня заўважыў Volkswagen LT35 без задняга рэгістрацыйнага знака.

«Супрацоўнікі ДАІ падалі сігнал аб спыненні машыны. Кіроўца праігнараваў патрабаванні і працягнуў рух у напрамку вёскі Клыпаўшчына. Інспектары пераследавалі аўтамабіль на працягу 10 км, – распавялі БелТА ў ДАІ. – Кіроўца Volkswagen LT35 не выконваў неаднаразовыя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі аб прыпынку і спрабаваў схавацца, ствараючы рэальную пагрозу жыццю і здароўю грамадзянаў».

У лесе каля вёскі Безодніца Дзяржынскага раёну для спынення машыны парушальніка інспектар ДАІ выкарыстаў табельную зброю.

«Пасля папераджальных стрэлаў у паветра супрацоўнік адкрыў агонь па задніх колах аўтамабіля і пашкодзіў адно з іх, пасля чаго мікрааўтобус спыніўся. За рулём знаходзіўся 17-гадовы жыхар вёскі Мікулічы Дзяржынскага раёну без пасведчання кіроўцы», – удакладнілі ў ДАІ.

У дачыненні да хлопца складзена 7 адміністратыўных пратаколаў, аўтамабіль дастаўлены на штрафную стаянку.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў