У Дзяржаўным памежным камітэце распавялі, колькі зброі сканфіскавалі на мяжы ў 2018 годзе


Беларускія памежнікі ў 2018 годзе сканфіскавалі больш за 170 адзінак зброі ды звыш 1600 боепрыпасаў. На ўкраінскую мяжу прыпадае каля 44 % нелегальнай зброі і больша за 50 % боепрыпасаў. На якой мяжы канфіскоўваюць астатняе, ў ведамстве не ўдакладнілі.

«Па стане на 1 студзеня 2019 года ў рамках процідзеяння незаконнаму абароту і перамяшчэнню праз дзяржаўную мяжу зброі органамі памежнай службы выяўлены 172 адзінкі зброі, у тым ліку на ўкраінскім участку 76 адзінак», – паведамілі БелТА ў Дзяржпагранкамітэце.

Таксама за ўвесь 2018 год органамі памежнай службы выяўлена больш за 1,6 тыс. адзінак боепрыпасаў, у тым ліку на ўкраінскім участку – больш за 800.

Нагадаем, 24 верасня 2018 года Аляксандр Лукашэнка заявіў пра пагрозу нелегальнай перапраўкі зброі з Украіны ў Беларусь падчас сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Станіславам Засем і старшынёй Дзяржпагранкамітэту Анатолем Лапо. «Мы прынялі рашэнне аб умацаванні мяжы з Украінай. Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёння бяды для Беларусі, і ў тым ліку зброі перапраўляецца. Мы павінны закрыць мяжу. Але не для прыстойных людзей, а для бандытаў, для тых, хто вязе зброю», – заявіў ён тады.

У кастрычніку 2018 года Лукашэнка зноў закрануў гэтую тэму – цяпер падчас сустрэчы з экс-прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкай. «Шчыра скажу, – мы пра гэта пагаворым – уплыў падзеяў ва Украіне на нас вельмі вялікі.Асабліва ў плане, што нас турбуе, – прыток зброі праз украінскую мяжу. Вельмі шмат мы канфіскоўваем зброі», – сказаў кіраўнік краіны.

Аднак 18 студзеня 2019 года Лукашэнка заявіў пра тое, што нелегальная зброя ў Беларусь ідзе насамрэч праз расейскую мяжу. «І што самае страшнае (нас расейцы часам папракаюць: вось, у вас там праз мяжу…), праз расейскую мяжу (з Украінай. – заўвага. belsat.eu) ідуць, а потым да нас заходзяць праз адкрытую беларуска-расейскую мяжу, – расказаў 18 студзеня Лукашэнка. – Зразумела, гэта камусьці трэба. Проста так жа вазіць не будуць з рызыкай. Яно камусьці тут трэба. І мы ўжо ўбачылі, каму яно трэба было».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў