«У дыктатуры пах гаспадарчага мыла». У Горадні прапанавалі паспрабаваць дыктатуру навобмацак


«У дзень, калі нам у чарговы раз паказалі, што мы нічога не вырашаем, мы адкрываем гэтую выставу. Мы не баімся казаць тое, што думаем. Кожны па-свойму», – такімі словамі ў Горадні 14 ліпеня адчынілі выставу «Дыктатура навобмацак».

Вечарам 14 ліпеня ў Горадні ў галерэі «Трэцяе месца» адчынілі выставу маладога мастака Андрэя Анро «Дыктатура навобмацак».

Андрэй Анро.
Фота: Саша Праўдзіна / Belsat.eu

«Нягледзячы на расчараванне і стомленасць, на тое, што беларусаў чарговы раз прынізілі, мы ўсё роўна перакананыя, што ад нас саміх шмат што залежыць. Нават у гэтых умовах мы працягваем ствараць, змяняць свет да лепшага, ствараем новую Беларусь ужо цяпер», – кажа куратарка выставы, гарадзенская дызайнерка Ірына Варкулевіч.

«Дыктатура навобмацак» – спроба маладога мастака Андрэя Анро асэнсаваць прыроду дыктатуры і аўтарытарных рэжымаў: як падобныя сістэмы ўплываюць на грамадства і чаму беларусы сёння такія, якія ёсць.

Фота: Саша Праўдзіна / Belsat.eu

Андрэй Анро нарадзіўся і вырас у Смаргоні. У правінцыі, паводле яго, асабліва востра адчуваюцца ўсе праявы аўтарытарнага рэжыму, бо тут падаўляецца любая ініцыятыва і людзі з-за недахопу інфармацыі і магчымасцяў рэалізавацца нібыта працягваюць жыць у саўке, пад страхам вылучыцца чымсьці.

«Я, маё пакаленне выраслі пры адным прэзідэнце, пры адным палітычным ладзе. І гэта пэўным чынам уплывае на нашае светаўспрыманне, што і вылілася ў канцэпцыю выставы. Калі жывеш у аўтарытарным рэжыме, з фідбэкам жыцця ў дыктатуры, якім быў Савецкі Саюз, ёсць разуменне кантэксту», – кажа аўтар выставы Андрэй Анро.

Фота: Саша Праўдзіна / Belsat.eu

Мастак спрабуе пераасэнсаваць савецкае мінулае, эксперымент па стварэнню «новага чалавека» сістэмы, і зразумець, як жыццё пры дыктатуры ўплывае на грамадства і яго будучыню.

«Сучаснае мастацтва працуе з прасторай. Тут важныя не толькі палотны, але і дзе яны знаходзяцца. Гэтая выстава знаходзіцца ў падвале, што пераносіць у атмасферу рэпрэсій, прыгнёту пры рэжыме, які быў у Савецкім Саюзе і які ёсць у Беларусі. Беларусы вельмі заціснутыя, бо нашая краіна працягвае ўстаноўку Савецкага Саюза, дзе дзяржава душыла любое вальнадумства», – распавядае мастак.

Паводле мастака, цяпер ёсць адчуванне, што людзі хочуць пераменаў.

Фота: Саша Праўдзіна / Belsat.eu

Прыцягвае ўвагу партрэт экс-кіраўніка МУС Беларусі Юрыя Захаранкі, які знік 20 год таму. Зніклыя без вестак, па меркаванню аўтара, гэта вельмі цікавы вобраз: яны адначасова жывыя і не жывыя, таму што ніхто дакладна не ведае, дзе яны і што з імі адбылося.

Фота: Саша Праўдзіна / Belsat.eu

«З тэмай зніклых без звестак я працую з 2015 года. Тады я пачаў ствараць праект The Lost, але гэта было пра знікненні людзей па ўсім свеце. Зараз з’явіўся беларускі кантэкст. У мяне ёсць таксама партрэт Віктара Ганчара, у планах – напісаць партрэты і іншых палітычных фігур, лёс якіх выклікае пытанні і цяпер. Гэта балючае пытанне для беларусаў, якое трэба вырашыць – давесці расследаванне справы зніклых палітыкаў да канца», – кажа Андрэй.

Выстава прапрацуе да 5 жніўня.

Саша Праўдзіна Belsat.eu

Стужка навінаў