У двух курсантаў Сувораўскай вучэльні выяўлены каронавірус

У двух навучэнцаў 1 і 5 курсу Сувораўскай вучэльні – станоўчыя тэсты на COVID-19, паведамляе TUT.by са спасылкай на Мінабароны.

Сястра аднаго з хлопцаў распавяла выданню, што ў роце, да якой належыць брат, знойдзены каронавірус. Навучэнцаў просяць заставацца ў самаізаляцыі.

У Міністэрстве абароны інфармацыю пацвердзілі. Двое выхаванцаў Менскай Сувораўскай вайсковай вучэльні цяпер знаходзяцца на лячэнні ў інфекцыйнай больніцы. Іх стан здавальняючы.

«Канікулы ў Сувораўскай вучэльні па такім жа графіку, як у звычайных школах. У вучэльні ўсім вымераюць тэмпературу штодня, а пасля вяртання з дома хлопцы таксама праходзяць медагляд. Па прыездзе з канікул у хлопцаў нязначна паднялася тэмпература, – патлумачыла афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Наталля Гаўрусік. – Яго накіравалі ў шпіталь і там былі ўзятыя тэсты на COVID-19. Пробы аказаліся станоўчымі»

Як паведамілі ў Мінабароны, усе кантакты 1-га ўзроўню з вучэльні ўжо ізаляваныя. Бацькам такіх выхаванцаў прапанавалі, паводле рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя, ізаляваць іх дома. Ва ўсіх ужо ўзялі тэсты.

КА belsat.eu

Hавiны