У двары Менскай інфекцыйнай больніцы з’явіліся намёты

Працаўнікі МНС, паводле запыту Мінаховы здароўя, усталявалі каля Менскай інфекцыйнай больніцы два намёты. Яны зʼявіліся вечарам 28 лютага, паведамляе ў сваім Facebook афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі.

Фота: Віталь Навіцкі, facebook.com

Намёты ў двары інфекцыйнага шпіталя ў Менску зʼявіліся паводле запыту Міністэрства аховы здароўя. Медыкі заклікаюць не хвалявацца і тлумачаць, навошта яны патрэбныя.

«Намёты ў двары Менскай інфекцыйнай больніцы пастаўленыя на магчымую перспектыву. Санітарна-эпідэмічныя нормы абавязваюць нас забяспечваць меры бяспекі асабістага складу. Для ажыццяўлення правільнага экіпавання медычнага персаналу і пазменнай працы ў выпадку паступлення пацыентаў, у тым ліку ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі. Пакуль такіх пацыентаў няма, але медыкі павінны быць гатовыя», – напісала ў сваім Facebook Юлія Барадун, прэсавы сакратар Мінаховы здароўя.

Цяпер у Менскай інфекцыйнай больніцы ўведзены каранцін. Уваход на тэрыторыю больніцы забаронены, кансультатыўны прыём планавых пацыентаў часова прыпынілі. Тут знаходзіцца першы інфікаваны на каронавірус у Беларусі студэнт БНТУ. Вірус выявілі 27 лютага ў грамадзяніна Ірану.

Каронавірус ужо ў Беларусі. Што рабіць?

СК belsat.eu

Hавiны