У Дар'і Домрачавай – срэбра


Беларуская біятланістка Дар’я Домрачава заваявала срэбра ў гонцы на 12,5 кіламетраў на Алімпіядзе ў Пхёнгчхангу.

Гэта другі медаль зборнай Беларусі ў Карэі.

У біятлоннай гонцы з масавым стартам удзельнічалі толькі трыццаць спартсменак, у тым ліку тры беларускі. Дзве з іх – Дарʼя Домрачава ды Надзея Скардзіна – з першых метраў дыстанцыі змагаліся за медалі. У выніку Домрачава з адным промахам фінішавала другой, а Надзея Скардзіна, закрыўшы ўсе мішэні, заняла сёмае месца. Ірына Крыўко толькі 26-ая.

А выйграла гонку экс-расейка Анастасія Кузьміна, якая цяпер выступае за Славакію. Пераможца апярэдзіла Домрачаву на 18.8 секунды. Кузьміна ў Пхёнгчхангу заваявала свой трэці медаль.

Чатыры гады таму ў Сочы Домрачава на гэтай дыстанцыі стала алімпійскай чэмпіёнкай. Цяпер у калекцыі беларускай біятланісткі пяць алімпійскіх медалёў: да трох залатых узнагародаў Сочы і бронзы Ванкувера-2010 дадалося срэбра Пхёнгчхангу.

Тым часам беларусы могуць спадзявацца на медаль і заўтра – у фінал спаборніцтваў па фрыйстале прабіўся Станіслаў Гладчанка. А вось алімпійскія чэмпіёны Сочы Антон Кушнір і Максім Гусцік не здолелі пераадолець кваліфікацыю.

Працягваюць правальвацца і беларускія лыжнікі. 17 лютага зборная Беларусі, за якую выступалі Анастасія Кірылава, Юлія Ціханава, Валянціна Камінская і Паліна Сераносава, заняла апошняе, чатырнаццатае месца ў жаночай лыжнай эстафеце. Адставанне ад лідаркі склала ажно 6 хвілін 31 секунду. Марыя Шканава ў гіганцкім слаламе на старт зусім не выйшла, а раней заняла 38 месца.

Нагадаем, учора першы медаль нашай краіне прынесла лыжная акрабатка Ганна Гуськова, яна выйграла спаборніцтвы ў фрыстайле.

ДД, АС, belsat.eu

Стужка навінаў