У Докшыцах застрэлілі бізнесоўца. Блізкія падазраюць старшыню мясцовага райвыканкаму


У Докшыцкім раёне загінуў дырэктар будаўнічай кампаніі «ЯВГ-сэрвіс» Валер Янчак. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на сваякоў бізнесоўца.

Валеру Янчаку было 37 гадоў. Абставіны гібелі пакуль невядомыя. Але сваякі Янчака кажуць, што трагедыя здарылася на паляванні, а ў бізнесоўца выпадкова стрэліў старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук.

Старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук. Фота Sb.by

Старшыня райвыканкама не затрыманы. Каментаваць сітуацыю «НН» ён адмовіўся.

Сваякі загінулага таксама пакуль падрабязна не каментуюць трагедыю.

«Уся сям’я ў шоку, ніхто не чакаў такога выніку. Цяпер усе ў доме маці Валера, там пры ёй дзяжурыць хуткая», – распавяла «Нашай Ніве» цешча Андрэя Янчака, роднага брата загінулага.

Андрэй Янчак. Фота Ok.ru

Пра смерць бізнесоўца падчас палявання піша таксама тэлеграм-канал NEXTA. Паводле NEXTA, цяпер праваахоўнікі разбіраюцца, ці былі дзеянні Пінчука наўмыснымі або гэта быў няшчасны выпадак.

Тэлеграм-канал Следчага камітэту паведамляе пра смерць 37-гадовага мужчыны падчас палявання, але імя загінулага не называецца. Акрамя таго, здарэнне адбылося ў Гарадоцкім, а не Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці.

«Увечары 21 лютага ў праваахоўныя органы паступіла паведамленне аб гібелі 37-гадовага мужчыны падчас палявання ў лясным масіве Гарадоцкага раёна», – адзначаюць у СК.

Гарадоцкім РАСК распачатая крымінальная справа па ч.1 ст.144 (прычыненне смерці па неасцярожнасці) Крымінальнага кодэкса.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў